Выстава пад адкрытым небам на плошчы Якуба Коласа
Пад дажджлівым небам 27 красавіка адкрылася ўжо традыцыйная для Мінска выстава «Мастак і горад». Сёлета выстава праходзіць пад назвай «Залатая калекцыя беларускага жывапісу і графікі» і прадстаўляе працы 35 беларускіх аўтараў.

На працягу 4 месяцаў мінакі змогуць бачыць на плошчы працы Зоі Ліцвінавай, Гаўрыіла Вашчанка, Леаніда Хобатава і іншых прадстаўнікоў беларускага жывапісу і графікі. Прадстаўленыя працы — разнастайныя, таму яны адлюстроўваюць прыхільнасць беларускіх мастакоў і графікаў розным творчым поглядам і традыцыям.
Экскурсавод Мікіта Моніч, які правёў міні-экскурс па сучасным беларускім мастацтве, падзяліўся, што выстава разлічана і на замежных турыстаў, якія зараз часта наведваюць Мінск. Таму задача выставы заключаецца яшчэ і ў тым, каб паказаць праз прызму мастацтва, што сабой уяўляе Беларусь.

Мікіта Моніч праводзіць экскурсію
Праект «Мастак і горад» рэалізуецца пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта на працягу 6 гадоў. Бескаштоўна паглядзець на рэпрадукцыі прац прадстаўнікоў сучаснага жывапісу і графікі зможа любы ахвочы да 9 верасня.