Выстава Яніса Струпуліса “У медалях жыве гісторыя”.

1 красавіка 2014 года а 17 гадзіне Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы запрашае на адкрыццё персанальнай выставы мастака-медальера з Латвіі Яніса Струпуліса “У медалях жыве гісторыя”.



vystava_u_miedaliach_zyvie_historyja.jpg

Мастацтва стварэння памятных медалёў мае старажытныя карані, патрабуе ад мастака глыбокіх ведаў гісторыі і культуры народаў, эпох, выбітных асобаў і знакавых падзей, каб годна прадставіць вялікае і велічнае ў малым кавалачку металу.

У творчай скарбонцы Яніса Струпуліса больш за 770 медалёў разнастайнай тэматыкі: музыка, літаратура, выяўленчае мастацтва, астраномія, медыцына. Ёсць сярод іх і творы, прысвечаныя дзеячам культуры Беларусі. Гэта памятныя медалі Янку Купалу, Якубу Коласу, Кастусю Каліноўскаму, а таксама серыя медалёў “Беларускія гуманісты XVI–XVII стагоддзяў” з выявамі Францыска Скарыны, Сімяона Полацкага, Васіля Цяпінскага, Сымона Буднага, Мялеція Сматрыцкага.

Яніс Струпуліс член Саюза мастакоў і ганаровы член Акадэміі навук Латвіі, прэзідэнт Клуба медальернага мастацтва Латвіі, сябра Міжнароднай федэрацыі медальераў FIDEM і Таварыства медальернага мастацтва Германіі. На радзіме мастака называюць “чалавекам, які зрабіў нам грошы” — усе манеты Латвіі адчаканены па мадэлях Яніса Струпуліса. Творы мастака былі прадстаўлены ў 25 краінах свету, на 440 выстаўках.

Пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Пасольства Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама пры спрыянні Таварыства “Беларусь — Латвія” Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы прадстаўляе першую ў нашай краіне персанальную выстаўку работ Яніса Струпуліса — выраз удзячнасці мастаку за даўняе творчае сяброўства з Беларуссю.