Выстава міжнароднага конкурсу графічных праектаў “МЫ2012”

З 1 снежня па 10 снежня ў Галерэі Саюза дызайнераў (Брылеўская,14) ладзіцца Беларуска-польская выстава графічных праектаў «МЫ2012».



5454.jpg

Выстава з’яўляецца вынікам конкурсу, мэтай якога было паказаць з дапамогай візуальнай мовы адметнасць беларускай і польскай культур, альбо, калі казаць прасцей, атрымаць адказы на пытанне «хто мы?» ад беларускіх, і, адпаведна, польскіх мастакоў. Адказы не вербальныя, не прамоўленыя словамі, а намаляваныя, сфатаграфаваныя, візуалізаваныя.

Большасць інфармацыі мы атрымліваем менавіта з дапамогай зроку, такая інфармацыя прасцей, хутчэй і лягчэй засвойваецца, яна не патрабуе перакладу, часам, не патрабуе ўвогуле ніякіх дадатковых тлумачэнняў. Выявы (таксама пахі, смакі, іншыя невербальныя вобразы) ствараюць падмурак, а нават яшчэ больш глыбокі пласт нашай самасвядомасці.

Задачай творцаў было прыгадаць, адшукаць, адабраць тыя візуальныя вобразы, якія маглі б асацыявацца з краінай і несці аўтарскі месідж як для свайго, гэтак і для замежнага гледача. Ці паўсталі ў выніку творы, якія ствараюць новыя вобразы ідэнтычнасці? Ці замацаваліся ў калектыўнай свядомасці вобразы старыя? Ці сталіся яны культурнымі кодамі, якімі можна «адмыкаць» культуру, альбо гуляцца імі, ствараючы новыя сэнсы?

Адказы на гэтыя пытанні шукайце на выставе «МЫ2012». Мажліва, замест адказаў, у вас паўстануць новыя пытанні. Гэта таксама добра, нават выдатна!

Арганізатарам выставы з’яўляецца Беларускі саюз дызайнераў і Таварыства творцаў ужытковай графікі (Польша). Партнёры праекта: МГА «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» і Беларускі саюз мастакоў.

Экспазіцыя працуе з 1 да 10 снежня (10:00 — 18:00) штодзённа, апроч суботы і нядзелі.

my.jpg

budzma_org_547.jpg

budzma_org_666.jpg