Выстава жывапісу і графікі Сяржука Цімохава
Да 21 лістапада ў сталічным Палацы мастацтва экспануецца выстава, прысвечаная памяці мастака.
Сяржук Цімохаў — адна з найярчэйшых асобаў беларускага мастацтва апошніх трыццаці гадоў, чыя творчая спадчына ёсць вельмі важным ды адметным складнікам нацыянальнай культуры. Аўтарскі
стыль мастака, угрунтаваны на лепшых традыцыях айчыннай мастацкай школы ды спалучаны з прагрэсіўнымі тэндэнцыямі сучаснага еўрапейскага мастацтва, прынёс яму заслужаную пашану сярод прыхільнікаў
сапраўднага жывапісу як на Беларусі, так і далёка за яе межамі.
За сваё кароткае жыццё мастак паспеў стварыць багата цудоўных твораў, якія з’яўляюцца не толькі вялікай каштоўнасцю шматлікіх музеяў ды прыватных збораў, але і прыносяць славу як самому
мастаку, так і ягонай Бацькаўшчыне.
Мастак нарадзіўся 8 верасня 1960 году ў вёсцы Кротаў Калінкавіцкага раёну Гомельскай вобласці. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча (1979), Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1984). Вучыўся
ў народнага мастака Беларусі Гаўрылы Вашчанкі. Удзельнік мастацкіх выстаў з 1980 года, сябра Беларускага саюзу мастакоў з 1990 года.. Працаваў у станковым і манументальным жывапісе, а таксама ў
графіцы.
Творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, фондзе Беларускага саюза мастакоў (усе ў Мінску), фондзе Міністэрствы культуры Расіі (Масква),
Музеі Марка Шагала (Віцебск), Мастацкай галерэі Гаўрылы Вашчанкі (Гомель), Полацкім мастацкім музеі, зборах «Galeria sztuki Katarzyny Napiуrkowskiej» (Варшава),
«Walentowski Galerien» (Дрэзден), «Аxel Babke» (Дрэзден) і «Аlla Bulyanskaya» (Лондан), а таксама ў прыватных калекцыях на радзіме і за
мяжой.