Выставу Алеся Марачкіна, дзе былі карціны з Нінай Багінскай і Раманам Бандарэнкам, закрылі на два дні раней

Персанальную выставу вядомага беларускага мастака, сябра сойму БНФ Аляксея Марачкіна «Аква/арэлі+», якая праходзіла ў Палацы мастацтва, закрылі на два дні раней, чым планавалася, піша «Радыё Свабода».

Аляксей Марачкін, фота Яны Трусіла

Аляксей Марачкін, фота Яны Трусіла


«Закрылі заўчасна. Пра прычыны не кажуць, магу толькі здагадвацца, — пацвердзіў вядомы мастак, — На суботу-нядзелю яшчэ планаваліся экскурсіі, збіраўся на закрыццё ў нядзелю запрасіць сяброў. Але ў пятніцу патэлефанавалі, што выставу ўжо закрываюць, карціны здымаюць. Для мяне такое не ўпершыню. Пацвердзіўся жарт, што я і Алесь Пушкін — самыя закрываемыя беларускія мастакі».
Персанальная выстава Аляксея Марачкіна была часткай агульнай выставы «Разам», якую суполка Саюза мастакоў «Пагоня» прысвяціла свайму 30-гадоваму юбілею. Адзін з арганізатараў выставы «Разам» у размове з карэспандэнтам падкрэсліў, што не мае прэтэнзій да Палаца мастацтва, але асобныя ўдзельнікі не хаваюць расчаравання.
Сярод іх мастак Алесь Цыркуноў, у якога дэманстраваліся некалькі палотнаў.
«Удалося ўключыць у выставу і палотны, прысвечаныя Слуцкаму паўстанню. Нам казалі, што працуем да 17 гадзіны ў нядзелю, але раніцай суботы ўсё згарнулі. Крыніца мне паведаміла, што гэта з прычыны праваслаўнай выставы, якая тут пачнецца, але як сапраўды — хто ведае», — сказаў Алесь Цыркуноў.
На ўрачыстым адкрыцці выставы Алеся Марачкіна «Аква/арэлі+» з прамовай выступаў і старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Палітык вельмі шкадуе, што гэтак абышліся з прызнанымі майстрамі, у тым ліку Алесем Марачкіным.
«Ён наш аднадумца, сябра сойму партыі, адказвае за культурніцкі сектар, але мы вельмі цэнім яго менавіта як выдатнага мастака. За ўласны стыль, за сацыяльны грунт ягоных прац. А мне вельмі цікава было адкрыць яго і як майстра акварэлі. Мяркую, не толькі мне. Але вось некаторым не ўдалося, бо выставу закрылі. Ну што? Улада і тут паказала сваю сутнасць», — мяркуе Рыгор Кастусёў.
Аляксей Марачкін у сваёй частцы выставы паказаў больш як 40 акварэляў і некалькі палотнаў, напісаных алеем. Сярод іх была карціна «Вецер пераменаў» з выявай жанчыны, у якой можна пазнаць актывістку Ніну Багінскую. Яшчэ адно палатно прысвячалася Раману Бандарэнку, які загінуў пасля інцыдэнту на «плошчы Перамен». Ці маглі гэтыя карціны спрычыніцца да закрыцця выставы мастака на 2 дні раней?
Аляксей Марачкін згадвае, як за дзень да закрыцця выставы яе наведаў высокі чыноўнік з Адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.
«Прайшоўся па выставе „Разам“, дайшоў і да мяне. Пастаяў каля карціны „Камень веры“, распытаў пра дэталі, якія там намаляваныя, але нічога не сказаў, сышоў. А потым даведваюся, што ўсё, закрылі. Але нічога. Для мяне цуд, што ўвогуле выстава адбылася, бо напярэдадні быў час, калі ўжо не спадзяваўся».
Дырэктар Палаца мастацтва Аляксандр Зінкевіч ад каментару адмовіўся.
У Палацы мастацтва паведамілі, што цяпер там рыхтуюць плошчы пад выставу прыходаў Беларускай праваслаўнай царквы, прымеркаванай да Вялікадня. «Праваслаўная выстава адкрыецца 14 красавіка», — паведаміла супрацоўніца Палаца мастацтваў.