XVIII Мінскі кніжны кірмаш

9 лютага ў павільёне НВЦ «БелЭкспа» адкрыўся XVIII Мінскі міжнародны кніжны кірмаш-выстава.

Як заўсёды, адна з замежных краін выступае на ім як ганаровы госць. Гэтым разам цэнтральнае месца пад слоганам «Багацце фарбаў і адценняў» заняла Германія.

9 лютага ў павільёне НВЦ «БелЭкспа» адкрыўся XVIII Мінскі міжнародны кніжны кірмаш-выстава.
Як заўсёды, адна з замежных краін выступае на ім як ганаровы госць. Гэтым разам цэнтральнае месца пад слоганам «Багацце фарбаў і адценняў» заняла Германія.
Але пасля 19 снежня ў Беларусі рознакаляровае багацце вызначаецца і багаццем скандальных сітуацый. Байкатаваць мінскую выставу заклікалі вядучыя ўкраінскія пісьменнікі і журналісты. Следам за імі ад удзелу ў мерапрыемстве адмовілася буйнейшае маскоўскае выдавецтва «Время», якое на папярэдніх кірмашах радавала беларусаў выданнямі нашых пісьменнікаў. Гэтым разам «Время» рыхтавалася правесці прэзентацыю кнігі вершаў Уладзіміра Някляева «Окно» з прадмовай Яўгена Еўтушэнкі. Але генеральны дырэктар выдавецтва Барыс Пастарнак, зазначыўшы, што прымае хутчэй эмацыйнае, чым рацыянальнае рашэнне, удзел свайго прадпрыемства ў кірмашы скасаваў. «Неяк не па-людску праводзіць прэзентацыю кнігі Някляева ў некалькіх кіламетрах ад месца, дзе паэт сядзіць пад хатнім арыштам», — зазначыў ён.
Колькасць удзельнікаў у выставе, аднак, досыць значная  — 120, і падзея мусіць зрабіцца прыкметнай у інтэлектуальным жыцці краіны. Ёсць станоўчыя моманты: упершыню за некалькі год, скаапераваўшыся на адно агульнае выставачнае месца памерам 2 квадратных метры (і коштам 250 еўра), у кірмашы бяруць удзел недзяржаўныя беларускамоўныя выдаўцы. Гэта выдавецтвы «Логвінаў», «Галіяфы», «Лімарыюс», выдавец Зміцер Колас, «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», а таксама рэдакцыі часопісаў «ARCHE-пачатак», «Дзеяслоў» і «pARTisan». У іх аб’яднанні ёсць рацыянальнае зерне: кожны з іх паасобку выдае не надта многа пазіцый у год. А разам яны прапануюць цэлую бібліятэку. Аўтары невялікага стэнду — Алесь Разанаў, Альгерд Бахарэвіч, Адам Глобус, Валянцін Акудовіч, Уладзімір Арлоў, Андрэй Хадановіч, Артур Клінаў, Валер Булгакаў, Анатоль Вярцінскі, Арцём Кавалеўскі, Зміцер Вішнёў, Наталка Бабіна, Вера Жыбуль і іншыя знаныя беларускія літаратары.
Прысутнасць недзяржаўнага сектару не абмяжоўваецца гэтым стэндам, які арганізатары, дарэчы, адправілі ў нязручнае месца пад лесвіцу, што вядзе на другі паверх. У больш выгадным месцы побач са стэндамі ЗША і Швейцарыі размясціўся стэнд выдавецтва «Энцыклапедыкс», дзе таксама можна набыць нумары часопіса «Спадчына». І аформіць падпіску на газету «Новы час».
З 9 па 13 лютага наведвальнікаў кірмашу чакаюць разнастайныя сустрэчы і прэзентацыі. Закрыццё выставы і ўручэнне прызоў XVIII Мінскага міжнароднага кніжнага кірмашу — 13 лютага а 15-й гадзіне.