З'явілася сумная статыстыка: колькі вуліц назвалі ў гонар беларускіх пісьменнікаў

На публічнай кадастравай мапе з’явілася новыя пласты пад адзінай назвай «Беларусь літаратурная». У тым ліку можна ўбачыць 994 вуліц па ўсёй Беларусі, названых у гонар нашых пісьменнікаў. Пра гэта Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры паведаміў на сваім сайце.

litaratary.jpg

Гэтая інфармацыя з’явілася дзякуючы сумеснаму праекту з Нацыянальным кадастравым агенцтвам. Спецыялісты супаставілі геададзеныя з рэестра вуліц і дарог са спісамі беларускіх літаратараў у гістарычнай рэтраспектыве.
Праўда, дадзеныя засмучаюць. У Беларусі 113 гарадоў, 90 пасёлкаў гарадскога тыпа і каля 23,2 тысячы вёсак. Натуральна, гаворка ідзе пра тысячы вуліц. Але ў гонар беларускіх пісьменнікаў названа толькі 994 з іх.
Дарэчы, ільвіную долю — 503 з іх складаюць вуліцы, названых у гонар Якуба Коласа — 257 і Янкі Купалы — 246. На трэцім месцы — Максіма Багдановіча — 84. На ўсіх астатніх пісьменнікаў прыйшлося 407 вуліц.

litaratary_2.jpg

Напрыклад, у 100-тысячным Салігорску знайшлася толькі вуліца Кулакоўскага — яна названа ў гонар Аляксея Кулакоўскага, які за праўдзівае асвятленне працэсаў калектывізацыі (гвалтоўнага стварэння калгасаў) у аповесці «Дабрасельцы» зведаў рэпрэсіі ад улады.
Азнаёміцца з праектам можна на сайце публічнай кадастравай мапы: неабходна абраць раздзелы «Пласты» — «Дадатковыя пласты» — «Беларусь літаратурная»).
Як вядома, дагэтуль няма вуліц у гонар Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча, Генадзя Бураўкіна, Ларысы Геніюш і шматлікіх іншых.
А ў сталіцы няма вуліцы Уладзіміра Караткевіча.
Не заслужылі напэўна. Ці не служылі.