З'явіўся першы ў свеце турыстычны значок з беларускім друкам
У Польшчы з’явіўся першы турыстычны значок на беларускай мове. Турыстычная адзнака для калекцыянераў з усяго свету выйшла намаганнямі Цэнтра прамоцыі беларускай культуры «Шчыты».
«На драўляным кружку – выява будынку, у якім цяпер месціцца сядзіба Цэнтра ў Шчытах, а ў 30-ыя гады мінулага стагоддзя была школа, – кажа Ганна Несцярук з Цэнтру «Шчыты», ініцыятарка выдання турыстычнага значка на беларускай мове. – Турыстычны значок, які мае нумар 895 Шчыты – гэта драўляны кружок, дыяметрам 60 мм і таўшчынёй 8-10 мм мае металічнае вушка для падвешвання. На гэты раз мы вырашылі больш шырока папулярызаваць беларускі культурны цэнтр».
Гэта першы турыстычны значок з беларускім друкам у свеце.
Ідэя турыстычнага значка ўзнікла ў Чэхіі. Яе мэта – папулярызацыя цікавых турыстычных месцаў у свеце. Турысты, якія калекцыянуюць такія значкі, адведваюць месцы, у якіх можна набыць іх і пры нагодзе знаёмяцца з гісторыяй і культурай асобных мясцін. Турыстычны значок на сёння выдаюць амаль усе еўрапейскія краіны, Аўстралія і ЗША.
racyja.com