З’явіўся спіс намінантаў на «Кнігу года»
Беларускі ПЭН-цэнтр паведаміў, што на сайце «Кнігі года» апублікаваны спіс з 48 кніг, якія былі вылучаныя на прэмію, а таксама спіс сябраў журы, што галасуюць за найлепшую кнігу.
Сёлета ў працы журы ўзяў удзел 81 чалавек.
Канчатковы вынік з’явіцца 10 сакавіка а 19-й на сайце kniha.by. Пераможца атрымае прыз у памеры 1000 еўра ў эквіваленце па курсе Нацбанка. Прэмія прысуджаецца за найлепшую кнігу, выдадзеную ў 2016 годзе, незалежна ад жанру — намінацыі не прадугледжаныя.
Прэмія “Кніга году” заснаваная Беларускім ПЭН-цэнтрам у 2015 годзе. Яе ўручаюць самі пісьменнікі за найлепшую кнігу, напісаную беларусам ці ў Беларусі на любой мове, якой карыстаюцца беларусы. Папярэднія пераможцы: Альгерд Бахарэвіч з кнігай “Дзеці Аліндаркі”, Антон Рудак з кнігай “Верхні горад”, Вольга Гапеева з кнігай “Сумны суп” і Людміла Рублеўская з кнігай “Авантуры студыёзуса Вырвіча”, Андрэй Хадановіч з кнігай “Нататкі таткі”.