З пошты НЧ

Зноў прымус

У рэдакцыю «НЧ» часта прыходзяць лісты ад нашых чытачоў. Хтосьці дзякуе за працу, хтосьці незадаволены нашымі артыкуламі, хтосьці спрабуе знайсці адказы на свае пытанні ці атрымаць дапамогу. А ёсць і тыя, хто хоча праз газету выказаць сваю пазіцыю.

Зноў прымус
У рэдакцыю «НЧ» часта прыходзяць лісты ад нашых чытачоў. Хтосьці дзякуе за працу, хтосьці незадаволены нашымі артыкуламі, хтосьці спрабуе знайсці адказы на свае пытанні ці атрымаць дапамогу. А ёсць і тыя, хто хоча праз газету выказаць сваю пазіцыю.
Такі ліст-заява прыйшоў ад Канстанціна Дзмітрыева. Ён піша пра грубыя парушэнні, якія былі дапушчаныя падчас збору подпісаў. Аналагічны экземпляр быў накіраваны ў Цэнтральную камісію Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў. Прапануем гэты ліст вашай увазе.
Заява аб парушэнні выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь
Я працую ў садавінна-гароднінным садзе СПК «Азёры» Гродзенскага раёна садоўнікам. У пятніцу 01.10.2010 года мой начальнік Каржакоўскі Міхаіл Аляксандравіч абвясціў, што ў панядзелак, 04.10.2010, усім супрацоўнікам трэба прынесці пашпарты. Яны нібы збіраюцца для вылучэння назіральніка на прэзідэнцкія выбары, якія адбудуцца 19 снежня гэтага года.
У панядзелак раніцай пашпарты былі сабраныя, тады абвясцілі, што іх збіраюць для падпісання ў падтрымку дзеючага прэзідэнта. Гэта з’яўляецца парушэннем арт. 61 ч. 8 Выбарчага кодэкса Беларусі, паводле якога адміністрацыя не мае права збіраць подпісы, аказваць ціск, карыстаючыся кіруючым палажэннем. Да таго ж, Каржакоўскі М. А. не з’яўляецца сябрам ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі, падпісныя лісты былі запоўненыя на прозвішча Кужылінава А., які з’яўляецца намеснікам старшыні па ідэалагічнай працы СПК «Азёры» Гродзенскага раёна.
Да таго ж я з’яўляюся грамадзянінам Расійскай Федэрацыі і не магу падпісвацца ў падтрымку кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, але, нягледзячы на гэта, ад мяне таксама патрабавалі пашпартныя дадзеныя і подпіс.
Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь праходзіў у СПК «Азёры» з грубымі парушэннямі выбарчага заканадаўства. Прашу правесці праверку па названых фактах і вынесці рашэнне аб магчымасці далейшага ўдзелу A. Р. Лукашэнкі ў выбарчай кампаніі.
Канстанцін Дзмітрыеў
Ноў-хау ад РПЦ
Шаноўны спадар рэдактар, па-першае дзякуй вам ды ўсяму творчаму калектыву за цікавую і змястоўную газету.
«Новы Час» сапраўды скіроўвае нашы позіркі на новыя падзеі і з’явы. Мажліва, гэта асаблівасць і схіліла мяне праз Вас звярнуцца да чытачоў, да грамадства з пытаннем, ці ўхваляюць яны тыя навіны, якія часам трапляюцца на вочы?
Мяркуйце самі, калі ласка. Вось царква Уваскрашэння Хрыстовага, што на вул. Гамарніка ў Мінску. Новы, прыгожы храм, бліз якога штучна сабрана значная колькасць розных валуноў. Але дзівяць не самі камяні, а тое, што яны распісаныя лікамі святых ды тэкстамі з казанняў… Можа, гэта нейкая новая унія хрысціянства з паганствам — гэткае сучаснае капішча? Ці, можа, РПЦ мяркуе ў хуткім часе адмовіцца ад пабудовы храмаў, утрымання святароў? У мэтах эканоміі…


Пакуль я ў роспачы. Царкоўныя служкі таямніцы мне не адкрылі, паведаўшы толькі, што ёсць у іх мастак, якому тое да спадобы… А ці ўхваляецца гэта царкоўнымі канонамі?
Можа, ёсць адказ на тое ў рэдакцыі ці ў чытачоў?
Алесь Станкевіч, Мінск