За 24 гадзіны прададзена 500 квіткоў на новы рок-фэст «Наш дзень»
30 чэрвеня пад Мінскам адбудецца «Наш дзень» – першы за доўгі час вялікі рок-фэст з цалкам беларускім лайн-апам. У ім возьмуць удзел Volski, Dzieciuki, Nizkiz ды яшчэ дзевяць вядомых беларускіх выканаўцаў.

Першая партыя квіткоў
патрапіла ў продаж учора з коштам 23 рублі (з улікам камісіі аператара). Набыць
іх можна на сайце Kvitki.by і ў касах па ўсёй Беларусі. Палову з гэтай партыі
набылі за першыя 24 гадзіны.
– Людзі набываюць квіткі вельмі хутка, шмат добрых каментароў. Вельмі прыемна бачыць такую рэакцыю на цалкам беларускі фэст. Мы спадзяваліся на гэта, але не лічылі гарантаваным. Дзякуй! – кажа адзін з арганізатараў мерапрыемства Уладзімір Плавінскі.

Фэст будзе адбывацца з 12-й да 22-й гадзіны на пляцоўцы Музея народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо пад Мінскам. Склад удзельнікаў: Volski, Dzieciuki, Akute, B:N:, «Дай дарогу!», Nizkiz, «Крама», The Superbullz, Neuro Dubel, Мутнаевока, Зміцер Вайцюшкевіч, Пётр Клюеў. Музычны лайн-ап дапоўняць адукацыйныя актыўнасці, гульні для дзяцей і дарослых, цікавыя квэсты, фудкорты, кірмаш і іншыя забавы.

Арганізатары праз сацсеткі абвясцілі конкурс маладых выканаўцаў, прымаюць заўкі на ўдзел у фудкорце, кірмашы і забавах. Падрабязная інфармацыя на старонках у Facebook і VK. Інфалінія: (033) 661 14 32.