«За ростам дзіцяці можна сачыць як за стварэннем сусвету»

У Мінску адкрылася новая выстава Luz silenciosa.

vystava_svjatlany_stankevicz____2__logo.jpg


У новай сталічнай прасторы Moving Art Фactory (Куйбышава, 22, 6-ы паверх) 28 верасня ў межах месяца фатаграфіі распачалася экспазіцыя беларускай фатографкі Святланы Станкевіч. Галоўная асаблівасць выставы — усе здымкі чорна-белыя і на іх трэба глядзець вертыкальна.

vystava_svjatlany_stankevicz____5__logo.jpg


Канцэпцыя экспазіцыі мае на ўвазе, што ў першай палове жыцця чалавек ідзе ў гару, а ў другой — коціцца з яе. Гэтым можна патлумачыць неадназначнае ўспрыняцце часу, які то сочыць за намі, то мы — за ім. Дні гераіні выставы, 10-гадовай Варвары, доўгія, у іх няма планаў, а ёсць скарэнне наканаванасці, якой кіруюць дарослыя члены сям’і.

vystava_svjatlany_stankevicz____7__logo.jpg


Варвара цікавіцца коштам зямлі насупраць бацькоўскай хаты, дзе на елках у яе пабудаваны дом. Навошта? «Хачу набыць, каб жыць там з мужам. Альбо з сабакамі — пакуль не вырашыла», — кажа дзяўчынка. За ростам дзіцяці можна сачыць як за стварэннем сусвету.


«Luz silenciosa» — фільм Карласа Рэйгадаса, у якім за чалавечымі памкненнямі і жарсцямі назірае маўклівае нябеснае святло. Ці акрыяе дзіця ў новым жыцці, ці збудуе свой свет, калі пакіне сямейнае ўлонне? У штодзённым фаталізме гэтага перыяду ёсць містычнасць і чаканне цуду. Гэта ўзрост пераходу ў іншы свет, які хутка апануюць адказнасць і самавызначэнне.
Экспазіцыя працуе з 28 верасня і да 28 кастрычніка кожную пятніцу і суботу з 19:00 і па 22:00.