Заснавальнікі літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца аб'явілі аб пачатку прыёму заявак на конкурс 2014 года

Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і пасольства Польшчы ў Беларусі аб'явілі аб пачатку прыёму заявак на конкурс у рамках літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца ў 2014 годзе. Па яго выніках будзе вызначана лепшая кніга прозы за 2013 год, паведамілі ў прэс-службе ПЭН-цэнтра.



unnamed.jpg

Вылучаць кандыдатаў на спашуканне прэміі маюць права выдавецтвы, пераможцы ранейшых конкурсаў, а таксама члены журы і сакратар прэміі. Іншыя асобы або арганізацыі могуць падаваць у сакратарыят толькі свае прапановы.
Заяўкі і кнігі для ўдзелу ў конкурсе можна прысылаць да 31 студзеня 2014 года на электронны адрас gedroyc@pen-centre.by або па пошце: 220050, Мінск, п/с 218.
Заснавальнікі прэміі таксама папярэджваюць, што ва ўмовы конкурсу ўнесены некаторыя змяненні. Так, цяпер аўтар, які займае першае месца ў рамках конкурсу, не можа ўдзельнічаць у ім у наступным. Акрамя таго, для зручнасці журы перыяд разгляду заявак павялічаны да паўгода.
Згодна з правіламі, аўтар, чыя кніга будзе прызнана лепшай на конкурсе, атрымае грашовы чэк на суму, якую вызначыць афіцыйны партнёр прэміі — "Ідэя Банк". Аўтар, які зойме другое месца, атрымае стыпендыю ў Доме творчасці пісьменнікаў у горадзе Вісбю на шведскім востраве Готланд або магчымасць перакладу сваёй кнігі на польскую мову. Трэцяе месца забяспечыць яго ўладальніку творчую стыпендыю ў Вроцлаве (Польшча).
Захар Шчарбакоў, БелаПАН