«Заспявай 3.0» назвала пераможцаў
Гурты Pauline, Leibonik, а таксама трыа Дзмітрый Нікановіч, Вольга Сацюк і Мікіта Найдзёнаў сталі пераможцамі конкурсу маладых выканаўцаў «Заспявай 3.0», які праводзяць партал Tuzin.fm i фонд «Вяртанне».

Узнагароджанне з канцэртам пройдзе 22 кастрычніка ў клубе «Coyote» пры ўдзеле гурта Navi.
Журы конкурсу маладых выканаўцаў «Заспявай 3.0» назвала пераможцаў у трох намінацыях. У «Спяванай паэзіі» перамагла Pauline з песняй на верш Ірыны Багдановіч «Людзі, дзе вы?».

Pauline
У намінацыі «Беларускі кавер» найлепшым прызналі гурт Leibonik за арыгінальную інтэрпрэтацыю хіта гурта «Мроя» — «Я рок-музыкант».

Гурт Leibonik
У намінацыі «Замежны пераклад» не было роўных беларускай версіі хіта Эраса Рамацоці ў перакладзе Мікіты Найдзёнава і ў выкананні Дзмітрыя Нікановіча і Вольгі Сацюк. Названыя выканаўцы падзеляць між сабою прызавы фонд конкурсу, які складае 1500 еўра.
«Усе 18 удзельнікаў апошняга этапа конкурсу могуць лічыць сябе пераможцамі, бо менавіта іх песні былі адабраныя з 78 пададзеных заяваў. Яны атрымалі цудоўную магчымасць паказаць сябе ўжывую і займець новых прыхільнікаў на фінальных канцэртах, якія ішлі цэлае лета. І ў выніковым галасаванні балы адрозніваюцца зусім нязначна. Таму я віншую названых пераможцаў разам з тымі, хто прайшоў у фінал», — сказаў старшыня журы конкурсу «Заспявай 3.0» Алег Хаменка. У журы таксама ўвайшлі беларускія музыкі, паэты, перакладчыкі і арганізатары конкурсу: Лявон Вольскі, Уладзь Лянкевіч, Ганна Янкута, Сяргей Пукст, Віталь Рыжкоў, Андрэй Хадановіч, Глеб Лабадзенка, Сяргей Балахонаў, Яўген Карпаў, Сяргей Будкін, Павел Бераговіч.

Выніковы канцэрт «Заспявай 3.0» пройдзе 22 кастрычніка ў клубе «Coyote». На ім таксама будуць названыя пераможцы глядацкага галасавання, якое праводзілася на сайце Talaka.by. Акром сэтаў ад Pauline, Leibonik, трыа Нікановіч-Сацюк-Найдзёнаў у гэты вечар чакаецца выступ гурта Navi — пераможцаў леташняга конкурсу «Заспявай».

22.10. Мінск. Бар «Coyote» (пр.Незалежнасці, 117а). 19:00—22:00. Канцэрт пераможцаў конкурсу «Заспявай 3.0»: Pauline, Leibonik, Дзмітрый Нікановіч&Вольга Сацюк&Мікіта Найдзёнаў. Пры ўдзеле гурта Navi.
Інфа: +375 29 687-20-93.