Здабыццё легенды. Выстава Уладзіміра Акулава
Сёння, а 17-й гадзіне ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў адкрываецца маштабная персанальная выстава прадстаўніка другой хвалі беларускага авангарду Уладзіміра Акулава «Здабыццё легенды».

Ураджэнец Баранавічаў (1954 г.),
выхаванец Слуцкай школы выяўленчага
мастацтва і Віцебскага мастацка-графічнага факультэта (вучыўся ў Алега Арлова),
Уладзімір Акулаў жыве незвычайным жыццём. Авангардыст нон-канфарміст амаль да
апошніх дзён СССР не атрымліваў для сваіх прац дзяржаўныя залы —
а іншых не было. І з уладкаваннем на працу здараліся пастаянныя праблемы, таму яго на
той час можна вызначыць хутчэй як вулічнага мастака. У лепшым выпадку — выкладчык
малявання, мастак-афарміцель.
Яго карціны, аднак, з поспехам набываліся ў прыватныя калекцыі, і зараз разляцеліся па ўсім свеце. У Мінску найбольшыя зборы — у Андрэя Пласанава і Яўгена Ксяневіча. Апошні і прадэманструе свае набыткі на сённяшняй выставе.

У апошнія 6-7 гадоў Акулава выстаўляюць ці не штогод. Тым не менш, падзея ў Цэнтры сучасных мастацтваў — выдатная нагода пазнаёміцца са шчырым, надрыўным стылем сур’ёзнага майстра. Экспазіцыя дзейнічае па 21 студзеня 2017 года.
