Зміцер Вайцюшкевіч і яго «Зорка Дзіва» (фота)

Знакаміты спявак і музыка прэзентаваў новую праграму «Зорка Дзіва» на вершы паэта Уладзіміра Някляева. У альбом, запісаны з варшаўскім струнным квартэтам, увайшло 13 лірычных кампазіцый.

img_6161_2_logo.jpg


Гэта ўжо трэцяя праграма Вайцюшкевіча на вершы Уладзіміра Някляева. «Ён актуальны, ён для мяне цікавы, ён жыццё бачыць вастрэй, і з пункту гледжання паэзіі ён не спыняецца і не стаіць на месцы — мне гэта імпануе», — адзначыў Вайцюшкевіч у інтэрв’ю «Еўрарадыё».

img_6504_logo.jpg


Апроч таго, зазначыў Вайцюшкевіч, Уладзімір Някляеў чулы да пажаданняў спевака. Некаторыя вершы былі напісаныя «па замове» Вайцюшкевіча — па тэмах, якія ён прапаноўваў паэту.

img_6013_logo.jpg


Праца над гэтым альбомам цягнулася прыкладна 10 гадоў. Некаторыя песні былі напісаныя ў 2008–2009 гадах, а некаторыя — напрыклад, «Зорка Дзіва», — па словах Вайцюшкевіча, «трапілі ў апошні вагон».


Мінская прэзентацыя на сцэне Рэспубліканскага палаца культуры імя Шарко прайшла ў суправаджэнні «WZ-Orkiestra». А Уладзімір Някляеў чытаў новую паэму пад назвай «Калі мяне не стане». Пры гэтым Вайцюшкевіч адзначыў: сам Някляеў вершы са сцэны не чытаў таксама каля дзесяці гадоў.
Фота Сяргея Шапрана