Знадворныя работы па аднаўленні паўночнай вежы Гальшанскага замка завершаць да канца года

Знадворныя работы па аднаўленні паўночнай вежы і муравання сцен Гальшанскага замка плануецца завяршыць да канца года, паведамілі ў Ашмянскім райвыканкаме.

zamok_1.jpg

На рэстаўрацыю замка XVII стагоддзя ў Гальшанах быў выдзелены грант з фонду кіраўніка краіны па падтрымцы культуры і мастацтва ў памеры Byn 250 тыс. Работы актыўна вядуцца з вясны. Аднаўляюцца паўночная вежа — элемент, які найбольш захаваўся, а таксама прылеглыя да яе сцены, астатнюю частку замка закансервуюць.
«Падрыхтоўчы этап — праектаванне, архіўнае даследаванне і вывучэнне, археалагічнае суправаджэнне — быў раней праведзены па праграме «Культура Беларусі». Таксама было расчышчана падножжа сцен замка: ён нават крыху «падрос», — расказаў метадыст па музеях і гісторыка-культурнай спадчыне аддзела метадычнай работы Ашмянскага раённага цэнтра культуры Сяргей Жылік.
У час гэтых работ правялі і сартаванне адколатай цэглы, якая некалі ўпала. Цяпер яна выкарыстоўваецца для аднаўлення вежы і сцен. Яе называюць «пальчатка», таму што на цэгле бачны баразёнкі ад пальцаў тых, хто яе вырабляў некалькі стагоддзяў таму. Дарэчы, для работы выкарыстоўваюць спецыяльныя растворы і грунтоўкі, якія не толькі ствараюць эфект даўніны, але абараняюць і захоўваюць аўтэнтычныя цэглу і элементы.
«Выканана гідраізаляцыя фундамента, адноўлена мураванне сцен, сцены ўзмоцнены і фрагментамі атынкаваны, адноўлена кроквенная сістэма, пакладзена чарапіца, усталяваны флюгер. Па праекце завершаны знадворныя работы будуць да канца года», — расказаў Сяргей Жылік. Плануецца, што хутка будзе зманціравана і знадворная лесвіца, якая дасць магчымасць наведваць другі і трэці ўзроўні вежы. Цікава, што першапачаткова сувязі паміж паверхамі ўнутры вежы не было. На іх траплялі з размешчанага побач корпуса, які цяпер разбураны.
На 2019 год запланаваны работы па ўнутранай аддзелцы вежы: уладкаванне адкосаў, скляпенняў, тынкоўка сцен, роспіс, стварэнне ляпнога дэкору, каміна, укладка пліткі на падлогу. У перспектыве тут размесціцца музей.
«Пад музейныя памяшканні будуць задзейнічаны тры ярусы вежы і падвал. Напрыклад, у падвальным памяшканні будзе створана інтэрактыўная экспазіцыя па матывах легенды пра белую даму і чорнага манаха. Магчымы і тэатральныя пастаноўкі на гэту тэму», — адзначыў Сяргей Жылік. У музеі таксама будуць прадстаўлены артэфакты, якія былі знойдзены ў час археалагічных пошукаў у замку. Адновяць і інтэр’ер вежы, раскажуць пра уладальнікаў замка род Сапегаў, гісторыю Гальшан. Асобная экспазіцыя будзе прысвечана замку ў перспектыве часу: ад мінулага да будучыні. У далейшым будзе добраўпарадкавана тэрыторыя вакол замка, адноўлены маляўнічыя сажалкі.
Гальшаны застаюцца знакавым аб’ектам не толькі для раёна, але і для ўсёй Гродзенскай вобласці. Аднаўленне замка, лічаць тут, дазволіць прыцягнуць большую колькасць турыстаў, якія цікавяцца не толькі архітэктурай, але і легендамі, гісторыяй. Дзякуючы раману Уладзіміра Караткевіча «Чорны замак Альшанскі» створаны своеасаблівы брэнд Гальшан і замка.
Запатрабаваны і такі від турызму, як падзейны. У 2019 года тут пройдзе дзясяты юбілейны фестываль сярэдневяковай культуры «Гальшанскі замак» з яркай музычнай, анімацыйнай праграмай.
Ва ўпраўленні культуры Гродзенскага аблвыканкама расказалі, што актыўна працягваюцца рэстаўрацыйныя і рамонтныя работы адразу на некалькіх важных архітэктурных помніках рэгіёна, напрыклад, у Старым замку ў Гродне, Лідскім замку, палацава-паркавым комплексе Свяцк, Каложскай царквы XII стагоддзя ў абласным цэнтры.
Паводле БелТА