Знаўцы адмаўляюцца здымацца ў «Што? Дзе? Калі?» на АНТ

Гульцы беларускага тэлеклуба «Што? Дзе? Калі?» не хочуць здымацца на тэлеканале АНТ. Пасля выбараў канал заняў адкрыта праўладную пазіцыю і пачаў паліваць брудам пратэстоўцаў. Не ўсе згодныя знаходзіцца ў эфірнай сетцы побач з прапагандай.

Вядучы беларускага тэлеклуба «Што? Дзе? Калі?» Алесь Мухін

Вядучы беларускага тэлеклуба «Што? Дзе? Калі?» Алесь Мухін


Таму ў вясновай серыі гульняў «Што? Дзе? Калі?» 2021 года тэлегледачы ўбачаць шмат новых твараў, піша «Еўрарадыё».

У лютым тэлеклуб правёў адбор знаўцаў у новыя каманды. Крыніца «Еўрарадыё», знаёмая з сітуацыяй, кажа, што ў абноўленыя каманды трапілі не больш за дзесяць гульцоў, якія ўжо садзіліся за люстраны стол. У спісе знаўцаў тэлеклуба сёння больш за 80 чалавек. Астатнім або не прапаноўвалі ўдзельнічаць у гэтай серыі, або яны адмовіліся гуляць — як каманда Іллі Барады.

«Каманда Ілллі Барады не згуляе ў новым сезоне беларускага тэлеклуба “Што? Дзе? Калі?”. Нас запрасілі — мы адмовіліся», — расказвае «Еўрарадыё» ўладальнік «Малой Хрустальнай савы» клуба знаўцаў Антон Іокаў.

Уладальнік «Малой Хрустальнай савы» клуба знаўцаў Антон Іокаў

Уладальнік «Малой Хрустальнай савы» клуба знаўцаў Антон Іокаў


Зрэшты, іншыя знаўцы інфармацыю пра адмову ўдзельнічаць у тэлездымцы каментуюць неахвотна. Маўляў, «магчыма, гэтыя чуткі небеспадстаўныя», але казаць нешта ад свайго імя не хочуць.


Мінус «Кентаўр», плюс «Dana»?

Акрамя таго, тэлеклуб «Што? Дзе? Калі?» страціў аднаго з бізнес-партнёраў — страхавое таварыства «Кентаўр», прадстаўнік якога абараняў інтарэсы тэлегледачоў. Генеральны дырэктар «Кентаўра» Сяргей Прохарчык звязвае гэта ў першую чаргу з пандэміяй: «Трэба думаць пра людзей».

«Перадача выдатная, але пандэмія не скончылася. Медыкі прагназуюць трэцюю хвалю каронавіруса — людзі паміраюць, калі на тое. Падчас здымкі ўдзельнікі досыць шчыльна стаяць адно да аднаго. Атрымліваецца, трэба альбо надзяваць маскі, альбо нікога не запрашаць. Гэта ламае звыклы фармат праграмы. Так што асабіста маё меркаванне — лепш перачакаць», — расказвае ён «Еўрарадыё».

Сяргей Прохарчык і Алесь Мухін

Сяргей Прохарчык і Алесь Мухін


Што да адмоў з боку знаўцаў — паводле слоў Прохарчыка, вядучы гульні Алесь Мухін расказвае, што іх таксама бянтэжыць у першую чаргу каронавірус.

«Асабіста я б сітуацыю не палітызаваў, але гэта маё меркаванне, — працягвае гендырэктар «Кентаўра». — Што да знаўцаў — іх права адмаўляцца ад удзелу ў праграме з любых прычын. Я іх пункт гледжання (маецца на ўвазе нежаданне здымацца на тэлеканале АНТ), калі такі існуе, паважаю».

У ААТ «Беларускі народны банк» расказалі, што захоўваюць статус партнёра беларускага тэлеклуба «Што? Дзе? Калі?». Прадстаўнік банка працягне абараняць інтарэсы знаўцаў.