Жыццё Бацькаўшчыне

Днямі паўдзельнічаў у вандроўцы па маршруце Пружаны-Ружаны-Косава, арганізаванай кіраўнічкай гісторыка-краязнаўчай секцыі «Кобрынскі ключ» Кобрынскага ўніверсітэту «залатога ўзросту» спадарыняй Ірынай Сіманавай.



Палацык у Пружанах

Палацык у Пружанах

У горадзе Пружаны пазнаёміліся з помнікам сядзібна-паркавай архітэктуры сярэдзіны XIX стагоддзя — палацыкам стылізаванага італьянскага рэнесансу. Рознавялікія аб’ёмы сіметрычнай кампазіцыі, аб’яднаныя аднапавярховым корпусам, квадратная ў плане вежа, прыбудова з паўкруглай верандай, вялікая тэраса з перакрыццём на калонках, пакатыя дахі, анфіладная планіроўка памяшканняў, аздобленых ляпнінаю і камінамі, надаюць палацыку гармоніі і ўтульнасці.

Помнік дойлідства атачае старадаўні парк пейзажнага тыпу

Помнік дойлідства атачае старадаўні парк пейзажнага тыпу

Зараз у мураванцы працуе мясцовы краязнаўчы музей, экспазіцыя якога, у тым ліку распавядае пра сыноў пружанскага харужага, братоў Юзафа і Люцыяна Крашэўскіх, дзяцінства якіх звязанае з радавым маёнткам Доўгае каля Пружанаў.

Старэйшы брат Юзаф — пісьменнік, гісторык і грамадскі дзяяч ліберальнага накірунку. За ўдзел у антыцарскай змове з 1830 па 1832 гады быў закратаваны, па вызваленні заснаваў шэраг газет у Вільні і Варшаве, а пасля падаўлення паўстання 1863-64 гадоў жыў у эміграцыі. Напісаў паэтычную трылогію з гісторыі Літвы «Анафеляс» і 223 (!) творы рэалістычна-гістарычнай прозы, у тым ліку «Апошняя з слуцкіх князёў», «Кароль у Нясвіжы» і «Пане Каханку»; мінуламу і спадчыне Польшчы, Літвы, Беларусі і Украіны прысвяціў шэраг навуковых працаў і краязнаўча-этнаграфічных нарысаў, у тым ліку «Старажытная Літва. Яе гісторыя, законы, мова, вера, звычаі, песні…», «Пінск і Піншчына», «Адзенне сялян і мяшчан з ваколіц Брэста, Кобрына і Пружан»; выдаў каля 60 тамоў гістарычных крыніц, пераважна перапіскі і дзённікаў, у тым ліку Станіслава Аўгуста Панятоўскага; пакінуў сотні замалёвак тыпаў беларускіх сялянаў, вясковых пабудоваў і краявідаў; ліставаўся з выбітнымі сучаснікамі — літаратарамі і даследчыкамі сівой даўніны, у тым ліку з Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам, Аляксандрам Ельскім і Адамам Кіркорам.  
Малодшы брат Люцыян — мастак і фатограф. Пасля заканчэння Свіслацкай гімназіі і Дэрпцкага ўніверсітэту жыў у радавым маёнтку, наведаў шэраг мастацкіх галерэяў у Заходняй Еўропе, удзельнічаў у паўстанні 1863-64 гадоў, за што быў сасланы ў Пермскую губерню. Па вяртанні з сылкі пасяліўся ў Варшаве, дзе ілюстраваў творы старэйшага брата і прафесійна займаўся фатаграфіяй.  

Велічныя руіны Ружанскага палацу

Велічныя руіны Ружанскага палацу


Затым вандроўнікі накіраваліся ў Ружаны (Пружанскі раён), знакамітыя руінамі велічнага архітэктурнага ансамблю — рэзыдэнцыі князёў Сапегаў на высокім узгорку ў паўднёва-усходняй частцы мястэчка.

Знаёмства з гісторыяй Сапегаў

Знаёмства з гісторыяй Сапегаў

Спачатку канцлер ВКЛ Леў Сапега збудаваў тут двухпавярховы крыжападобны ў плане мураваны замак з трыма вежамі, які ў войнах на мяжы XVII-XVIII стагоддзяў быў разбураны, пасля адноўлены, а напрыканцы XVIII стагоддзя перабудаваны ў барочна-класіцыстычны палац з чатырохмаршавай лесвіцай, вялікай залай, жылымі пакоямі, кабінетамі, архівам і бібліятэкай.

Экспазіцыя распавядае пра былое жыццё жыхароў Ружанаў

Адначасова ствараўся ансамбль з згрупаваных вакол параднага двара карпусоў, з паркам, садамі і аранжарэяй. Ва ўсходнім і заходнім карпусах, злучаных з палацам аркадамі, знаходзіліся тэатр, манеж і карцінная галерэя. Уязная брама была вырашана накшталт трохпралётнай трыўмфальнай аркі. Ансамбль быў аздоблены калонамі, скульптурай, ляпнінай і роспісам.

На фасадах палацу захаваліся сляды роспісу і ляпніны

У музеі, які месціцца ў флігелях адноўленай уязной брамы ансамблю, пазнаёміліся з гісторыяй славутага магнацкага роду і самага знакамітага яго прадстаўніка — айчыннага дзяржаўнага дзеяча часоў Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегі. Ён 34 (!) гады быў канцлерам ВКЛ, узначальваў падрыхтоўку яго Статуту 1588 году, адрэдагаваў тэкст і фінансаваў выданне гэтага зводу законаў феадальнага права — выдатнага помніку беларускай мовы і юрыдычнай думкі эпохі, у сваёй палітыцы адстойваў суверэнітэт ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай, у тым ліку няўхільна прытрымліваўся закону, які забараняў раздаваць польскай шляхце маёнткі і пасады ў Вялікім Княстве Літоўскім, садзейнічаў развіццю беларускага кнігадрукавання.  


Вандроўка па мемарыяльных мясцінах Берасцейшчыны завершылася ў гарадзе Косава (Івацэвіцкі раён), дзе знаходзіцца незвычайны мураваны палац Пуслоўскіх з элементамі класіцызму і несапраўднай готыкі. Узведзены ў першай палове XIX стагоддзя, гэты помнік архітэктуры нацыянальнага значэння з гранёнымі вежамі, зубчастымі завяршэннямі аб’ёмаў, нізкімі пераходамі, высокімі стральчатымі аркамі праёмаў і нішаў, контрфорсамі і навяснымі байніцамі, збярогся часткова, зараз рэстаўруецца і прымае наведнікаў у адноўленыя залы.

Макет Косаўскага палацу

Макет Косаўскага палацу

Побач з палацам у былым фальварку Мерачоўшчына месціцца барочны аднапавярховы прамавугольны ў плане драўляны сядзібны дом з высокім двухярусным дахам. У гэтым будынку, адноўленым у 2004 годзе пры фінансавай падтрымцы ЗША, 4 лютага 1746 году нарадзіўся кіраўнік нацыянальна-вызвольнага паўстання 1794 году, удзельнік Вайны за незалежнасць ЗША Тадэвуш Касцюшка.


У ягоным доме-музеі ўдзельнікі вандроўкі пазнаёміліся з лёсам нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы і ЗША, ганаровага грамадзяніна Францыі, які паклаў сваё жыццё «за непарушнасць межаў дзяржавы, устанаўленне самаўладдзя народа і ўсеагульную свабоду». 

Гэтыя артэфакты знойдзены археолагамі пад час рэстаўрацыі помніка архітэктуры  

З гадамі будуць адноўленыя сядзібы, палацы і замкі нашых выбітных суайчыннікаў, узноўленыя іхныя лёсы і вобразы. Аднак нашмат большых высілкаў патрабуе вяртанне ў розумы і сэрцы беларусаў велічных справаў, здзейсненых нашымі гераічнымі продкамі. Без такога вяртання немажліва ўявіць выхаванне нацыянальнай свядомасці, самапавагі і гонару за сваю Бацькаўшчыну.