80 ці 35 еўра за шэнгенскую візу? Залежыць ад хуткасці падпісання і ратыфікацыі дамоваў
Еўрасаюз прапанаваў Беларусі падпісаць дамову аб спрашчэнні візавага рэжыму ў студзені 2020 году. Калі гэтае пагадненне не паспеюць ратыфікаваць да 2 лютага, беларусаў на нейкі час чакаюць шэнгенскія візы па 80 еўра, калі паспеюць — па 35, паведамляе «Свабода».
Пра гэта паведаміла Еўрапейская служба вонкавых дзеянняў па выніках пасяджэння Каардынацыйнай групы Беларусь — Еўрасаюз, якое прайшло 17–18 снежня ў Бруселі.
Еўрапейскі саюз прапануе правесці цырымонію падпісання ў Бруселі. Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі дэталі апошніх працэдурных крокаў, неабходных для заключэння і ўступлення ў сілу пагадненняў аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі. Пасля падпісання абодва пагадненні павінны будуць прайсці працэдуру ратыфікацыі ў Еўрапарламенце і Нацыянальным сходзе Беларусі, удакладняецца ў паведамленні.
2 лютага 2020 году ўступіць у сілу абноўлены Візавы кодэкс Еўрасаюза, які прадугледжвае ў тым ліку павышэнне візавага збору за шэнгенскую візу з цяперашніх 60 да 80 еўра.
«Тым не менш ЕС адзначыў, што такое павелічэнне кошту будзе часовым, да моманту ўступлення ў сілу пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму. Пасля гэтага візавы збор для ўсіх грамадзян Беларусі аўтаматычна знізіцца з 80 да 35 еўра», — паведамляе Еўрапейская служба вонкавых дзеянняў.
Абноўлены Візавы кодэкс таксама прадугледжвае павелічэнне колькасці катэгорый грамадзян, якія змогуць атрымаць шэнгенскую візу бясплатна, а таксама магчымасць для атрымання шматразовых шэнгенскіх візаў з больш працяглым тэрмінам дзеяння (да пяці гадоў) для законапаслухмяных падарожнікаў. Перамовы аб заключэнні пагадненняў аб спрашчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі ЕС і Беларусь вядуць з 2014 года.