996-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: паветраная прастора над Украінай будзе адкрытая?
Галоўныя навіны апошніх сутак з украінскага фронту.
***
У ноч на 15 лістапада аналітыкі праекта «Deep State» абнавілі мапу баявых дзеянняў, адзначыўшы, што расійцы зноў акупавалі сяло Раўнопаль у Данецкай вобласці, якое раней знаходзілася пад акупацыяй і было вызвалена Сіламі абароны Украіны.
Паводле даных «DeepState», расійцы таксама прасунуліся каля Плахавога, Новай Ільінкі, Новадзмітроўкі, ля Пятроўкі, Антонаўкі, Вазнясенкі і Новасялідаўкі.
Раўнопаль — сяло ў Вялікановасёлкаўскай пасялковай грамадзе Валнавахскага раёна Данецкай вобласці.
З сакавіка 2022 года сяло Раўнопаль знаходзілася пад часовай расійскай акупацыяй.
25 чэрвеня 2023 года падчас контрнаступлення УСУ яно было вызвалена ад расійскіх акупантаў.
***
У Тарэцку Данецкай вобласці працягваюцца цяжкія гарадскія баі, на Северскім кірунку вораг сцягвае рэзервы асабістага саставу і тэхнікі, паведаміла спікерка аператыўна-тактычнай групоўкі войскаў «Луганск»Анастасія Бабоўнікава.
«У Тарэцку вядуцца актыўныя гарадскія баі. Гарадскія баі — гэта заўсёды вельмі складана. Хоць тэхніка не выкарыстоўваецца ў такіх баях... аднак гэта цяжкая і брудная праца. Каб вы разумелі, у адным Тарэцку мы знішчаем да сотні ворагаў за адзін дзень. Гэта значыць, уявіце сабе, наколькі маштабнымі з'яўляюцца гэтыя баі і наколькі яны цяжкія для нас».
Паводле слоў Бабоўнікавай, агулам на Тарэцкім кірунку вораг надыходзіць малымі штурмавымі групамі. Там вядуцца вельмі цяжкія гарадскія баі. Акрамя гэтага праціўнік наносіць шмат авіяўдараў у зоне адказнасці «Луганска».
Прэс-афіцэр таксама паведаміла, што акупанты назапашваюць тэхніку і асабісты састаў у раёне Часавага Яра і на Северскім кірунку.
***
Паўночнакарэйскі дыктатар Кім Чэн Ын нядаўна аддаў загад аб масавай вытворчасці дронаў-камікадзэ на фоне «стратэгічнага партнёрства» з Расіяй. Пра гэта паведамляе амерыканскі тэлеканал «Sky news» са спасылкай на Цэнтральнае тэлеграфнае агенцтва Карэі.
Кім Чэн Ын адзначыў неабходнасць як мага хутчэй пабудаваць сістэму серыйнай вытворчасці і перайсці да поўнамаштабнай масавай вытворчасці беспілотнікаў. Паводле звестак NATO, Расія накіроўвае ракетныя тэхналогіі ў Паўночную Карэю ў абмен на ваенную дапамогу.
***
Казахстанскія кампаніі дапамагаюць Расіі абыходзіць заходнія санкцыі, пастаўляючы абсталяванне для стварэння сродкаў радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ). Пра гэта піша «The Insider».
Адзначаецца, што кампаніі «Askarlab», «Dicosta Technologies», «Panalem Technologies», «Computer Services Ltd» закуплялі ў краінах Еўропы, Азіі і ЗША прыборы, якія затым пастаўляліся ў Расію.
Зарэгістраваныя ў Казахстане кампаніі ў 2023-2024 гадах куплялі прадукцыю кампаній «Rohde & Schwarz» (Германія), «Safran Data Systems» (Францыя), «Mini-Circuits» (ЗША), «Farran Technology» (Ірландыя) і іншых фірм, а затым перанакіроўвалі тавары ў РФ.
У паведамленні ўдакладняецца, што сярод тавараў, якія ўвозіліся ў РФ, былі асцылографы, радыёчастотныя фільтры, аналізатары частаты, радыёчастотныя адаптары, узмацняльнікі, паслабляльнікі, пашыральнікі частаты, атэнюатары, спадарожнікавыя мадэмы і вектарныя аналізатары ланцугоў.
У распараджэнні выдання аказаліся дэкларацыі мытнага паста Жэтысу ў Алматы, расійскія звесткі і перапіска з кіраўніком «Askarlab» Аляксандрам Лісіцыным.
З дакументаў вынікае, што з 2023 года абсталяванне завозіцца паветраным транспартам, растаможваецца і некаторыя прыборы далей трапляюць у Расію. Толькі «Askarlab» з лістапада 2023 года купіла высакакласнай радыётэхнічнай апаратуры прыкладна на 2 млн. долараў.
Выкарыстанне Расіяй абыходных маршрутаў стала настолькі маштабным, што Захад пачаў уводзіць другасныя санкцыі супраць тых, хто дапамагае Расіі.
***
Дзяржаўная авіяцыйная служба Украіны разглядае магчымасць паэтапнага і частковага адкрыцця паветранай прасторы для грамадзянскай авіяцыі, а першым горадам з працуючым аэрапортам можа стаць Львоў, піша «Reuters».
ДАС Украіны адзначае, што гэта магчыма «пры ўмове ацэнкі рызык і іх зніжэння да прымальнага ўзроўню і ўкаранення дадатковых мер бяспекі». Аднак аніякіх канкрэтных тэрмінаў не было названа.
Украіна ўжо амаль год абмяркоўвае аднаўленне авіяпералётаў з еўрапейскімі авіяцыйнымі органамі і авіякампаніямі, паведаміў старшы партнёр страхавой кампаніі «Marsh McLennan» Крыспін Элісан.
«Калі рэгулятары прызнаюць гэта бяспечным і будзе прынятая палітычная пастанова, страхавая галіна гатовая падтрымаць гэтыя намаганні для аднаўлення», — адзначыў Элісан, маючы на ўвазе магчымы запуск у 2025 годзе.
Ён падкрэсліў, што забеспячэнне бяспекі паветранай прасторы з'яўляецца галоўнай задачай, і вакол гэтага пытання ўжо праведзена шмат працы, але дэталяў не ўдакладніў.
***
За мінулыя суткі адбылося 144 баявых сутыкненні на 11 кірунках фронту, абаронцы Украіны адбілі ўсе штурмы расійцаў на Купянскім кірунку, самая гарачая сітуацыя заставалася на Пакроўскім і Курахоўскім кірунках, паведамляе Генштаб УСУ.
У ноч на 15 лістапада расійцы нанеслі ўдар па Адэскай вобласці дзвюма кіраванымі авіяцыйнымі ракетамі «Х-59/69», а таксама атакавалі Украіну 29-цю ўдарнымі БПЛА тыпу «Shahed», адну ракету і 25 дронаў удалося знішчыць.
«Паводле стану на 8:30 пацверджана збіццё адной кіраванай авіяцыйнай ракеты "Х-59/69" і 25-ці ўдарных БПЛА. Пераважная большасць паветраных цэляў збіта ў Адэскай вобласці. Таксама супрацьпаветраная абарона працавала ў Мікалаеўскай, Кіраваградскай і Тэрнопальскай абласцях».
Таксама за мінулыя суткі Сілы абароны Украіны абясшкодзілі 1 520 акупантаў, спалілі 20 артылерыйскіх сістэм, 11 танкаў і дзясяткі адзінак іншай ваеннай тэхнікі ворага.
Агульныя баявыя страты праціўніка з 24.02.22 па 15.11.24 арыенціровачна склалі:
- асабістага саставу — каля 717 590 (+1 520) чалавек;
- танкаў — 9 330 (+11) адз.;
- баявых браніраваных машын — 18 968 (+21) адз.;
- артылерыйскіх сістэм — 20 492 (+20) адз.;
- РСЗА — 1 252 (+0) адз.;
- сродкаў СПА — 999 (+2) адз.;
- самалётаў — 369 (+0) адз.;
- верталётаў — 329 (+0) адз.;
- БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 18 886 (+34) адз.;
- крылатых ракет — 2641 (+1) адз.;
- караблёў / катэраў — 28 (+0) адз.;
- падводных лодак — 1 (+0) адз.;
- аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 29 167 (+77) адз.;
- спецыяльнай тэхнікі — 3 645 (+16) адз.
***
У выніку масіраванага камбінаванага варожага ўдару па Адэсе узрасла колькасць пацярпелых, паведаміў мэр Адэсы Генадзь Труханаў у Telegram.
«Увечары 14 лістапада наш горад падвергнуўся масіраванаму камбінаванаму варожаму ўдару. У выніку загінула жанчына, параненым аказваецца неабходная медыцынская дапамога. Вядома пра 8 пацярпелых».
Пашкоджана грамадзянская інфраструктура, жылыя дамы, сістэма цеплазабеспячэння, рэлігійныя і навучальныя ўстановы.
Таксама сярод пацярпелых ёсць 9-гадовы хлопчык, ён у стане сярэдняй ступені цяжкасці ў бальніцы, і 22-гадовы хлопец у цяжкім стане, астатнія параненыя ў стане сярэдняй ступені цяжкасці шпіталізаваныя ў медыцынскія ўстановы горада і вобласці. Ім аказваецца ўся неабходная дапамога.
Пасля другой гадзін ночы ДСНС Украіны паведаміла пра 10 пацярпелых, сярод якіх — двое дзяцей.
***
У расійскім Мінабароны заявілі, што ў ноч на 15 лістапада тэрыторыю РФ і акупаванага Крыма атакавалі больш за 50 украінскіх беспілотнікаў, 36 з якіх нібыта збіла расійская СПА над Краснадарскім краем.
Расійскія вайскоўцы адзначылі, што іх сродкамі СПА нібыта быў перахоплены і знішчаны 51 украінскі БпЛА.
Паводле звестак МА РФ, 36 дронаў атакавалі Краснадарскі край.
Акрамя таго, 3 БПЛА нібыта знішчаныя над тэрыторыяй Крыма, 2 БПЛА — над тэрыторыяй Белгародскай вобласці і 10 БПЛА — над акваторыяй Азоўскага мора.
***
У горадзе Крымску, што ў Краснадарскім краі РФ, гучалі выбухі, расійскія Telegram-каналы паведамілі пра атаку на вайсковы аэрадром.
Паводле звестак расійскіх паблікаў, жыхары Крымска паведамлялі пра шматлікія выбухі, папярэдне дроны атакавалі вайсковы аэрадром «Крымск».
Як паведаміў губернатар Краснадарскага краю Веніямін Кандрацьеў, «масіраванай атацы беспілотнікаў» падвергліся два муніцыпалітэты. Ён запэўнівае, што сродкі СПА «перахапілі некалькі дзясяткаў БПЛА ў Крымскім і Чырвонаармейскім раёнах», абломкі траплялі на тэрыторыі прыватных домаўладанняў, аднак абышлося без пацярпелых.
Між тым, кіраўнік украінскага Цэнтра процідзеяння дэзінфармацыі РНБА Андрэй Каваленкапацвердзіў, што дроны атакавалі вайсковы аэрадром «Крымск» у Краснадарскім краі РФ.