Абмежаванні на бяспошлінны ўвоз тавараў праз мяжу ўведзеныя па просьбе Расіі

Новыя абмежаванні па бяспошлінным увозе тавараў праз мяжу ЕАЭС уведзеныя з ініцыятывы Расіі. Пра гэта журналістам заявіў старшыня Мытнага камітэта Юрый Сянько, піша «Еўрарадыё».

Фота: abc-belarus.org

Фота: abc-belarus.org


Як паведамлялася раней, з 1 студзеня 2019 года бяспошлінна на тэрыторыю ЕАЭС можна будзе ўвезці тавараў для асабістага карыстання не больш за 25 кг і на суму не больш за 500 еўра. (Сёння гэтыя нормы складаюць 50 кг і 1500 еўра адпаведна.)
"Пазіцыя Беларусі — выконваць рашэнні ЕАЭС, якія былі прынятыя з ініцыятывы Расійскай Федэрацыі", — падкрэсліў старшыня Мытнага камітэта.
Разам з тым Сянько не змог адказаць, чым кіраваўся расійскі бок, калі ўводзіў такія абмежаванні. "Трэба спытаць у расіян. /.../ Але, па ўсёй бачнасці, профільныя міністэрствы і ведамствы прымалі рашэнні, наколькі патрэбны дзяржаве той аб'ём бяспошліннага тавару, які ўвозіўся на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі", — дадаў чыноўнік.
Старшыня Мытнага камітэта прызнаўся, што грамадзяне Беларусі рэдка ўвозілі тавары на гранічную суму, закладзеную ў новых нормах. Таксама ён дадаў, што ў нашай краіне не плануецца адмяняць дадатковыя абмежаванні на ўвоз тавараў для людзей, якія ездзяць за мяжу часцей, чым адзін раз у тры месяцы.
euroradio.fm