«Ад «пачакай і паглядзі» да амаль поўнага замарожваньня». Чатыры планы ЕС адносна Беларусі

Напрыканцы мінулага году ў Мінску амбасадары 16 дзяржаваў Еўрасаюзу і кіраўнік прадстаўніцтва ЕС распрацавалі дакумент, у якім выкладаюцца 4 варыянты палітыкі ў дачыненні Беларусі. Гэты дакумэнт, які трапіў у распараджэнне «Радыё Свабода», будзе абмеркаваны ў найбліжэйшы час у Бруселі. Пакуль невядома, які з наступных прапанаваных варыянтаў прыме кіраўніцтва Еўрасаюзу.

c629e888_f7d0_4436_8c83_22ab5236cab4_w1023_r1_s.webp

«Пачакай і паглядзі»

Гэта варыянт захавання status quo. ЕС ужо заявіў, што прэзідэнтскія выбары 9 жніўня не былі «ні свабоднымі, ні сумленнымі», і што Аляксандру Лукашэнку «не хапае дэмакратычнай легітымнасьці». Пасля рэпрэсій супраць удзельнікаў пратэстаў Еўрасаюз увёў візавыя санкцыі і замарожванне актываў у дачыненні да 88 асобаў і 7 суб’ектаў гаспадарання, у тым ліку адносна Лукашэнкі і яго сына. Гэта было зроблена трыма пакетамі санкцый напрыканцы 2020 году. Гэты сцэнар у дакуменце ахарактарызаваны як «паступовы падыход да санкцыяў».

«Прагматычная роўнааддаленасць»

Гэты варыянт прадугледжвае інтэнсіўнае дыпламатычнае ўздзеянне, размова ідзе пра такія яго формы, як «маўклівая дыпламатыя, накіраванне місіі высокага ўзроўню ў Мінск альбо запрашэнне прадстаўнікоў афіцыйнага Мінску ў нейтральнае месца (скажам, у Швейцарыю), каб абмеркаваць прапанову аб пасярэдніцтве, згода на дыялог з рэжымам і ўступленне ў адмысловы дыялог з АБСЭ наконт сітуацыі ў Беларусі, уступленне ў дыялог на высокім узроўні з Расіяй і ЗША аб узмацненні знешняга ціску на Мінск, а таксама стварэнне адмысловай кансультацыйнай місіі ЕС ці пасады адмысловага прадстаўніка Еўрасаюзу для Беларусі».

«Істотнае пагаршэнне адносінаў»

Трэці варыянт прадугледжвае значнае пашырэнне спісу асобаў і арганізацый, на якіх распаўсюджваюцца санкцыі, а таксама паніжэнне ўзроўню дыпламатычных адносін да мінімуму і «падтрымка распачынання крымінальных і іншых спраў паводле нацыянальнага заканадаўства ў дзяржавах — чальцах ЕС супраць вінаватых у катаваннях і бесчалавечным абыходжанні». Акрамя таго, гэты варыянт прадугледжвае стварэнне на падставе Маскоўскага мэханізму АБСЭ міжнароднага трыбуналу па раследаванні парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі.

«Амаль поўнае замарожванне адносін»

Самы жорсткі, варыянт прадугледжвае разрыў дыпламатычных адносін, поўны санкцыйны рэжым, які закране шэраг галінаў беларускай прамысловасці, забарону на продаж еўрааблігацый і, магчыма, каардынацыю санкцыйнага рэжыму адносна Беларусі з санкцыйным рэжымам адносна Расіі. У межах гэтага варыянту таксама можа разглядацца мараторый на ўдзел Беларусі ў структурах «Усходняга партнёрства» і афіцыйнае прызнанне ўраду ў выгнанні.

У дакуменце, падрыхтаваным 17 высокімі еўрапейскімі дыпламатамі, акрэдытаванымі ў Мінску, таксама адзначаецца шэраг крокаў, якія павінны зрабіць беларускія ўлады, каб аднавіць «змястоўны дыялог з ЕС». Гэта спыненне «ўсялякіх рэпрэсій і парушэнняў правоў чалавека, пераследу прадстаўнікоў незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасці».

Еўрасаюз таксама патрабуе ад Мінску вызваліць, рэабілітаваць палітвязьняў і выплаціць ім фінансавую кампенсацыю, забяспечыць свабодныя і сумленныя выбары пад наглядам АБСЭ і стварыць бяспечныя ўмовы для вяртання тых, хто цяпер у палітычным і прымусовым выгнанні.

Кіраўнікі дыпламатычных місій прапануюць Бруселю разгледзець пытанне аб пашырэнні санкцый, калі гэтыя ключавыя патрабаванні няебудуць выкананыя.

Сярод людзей, якія маюць трапіць пад санкцыі, — найвышэйшыя службовыя асобы рэжыму, у тым ліку ўсе чальцы Рады бяспекі, іх непасрэдныя сваякі, кіраўнікі абласных адміністрацый і памочнікі Лукашэнкі ў рэгіёнах, а таксама «шараговыя выканаўцы гвалту з ліку прадстаўнікоў міліцыі, КДБ і АМАПу».

Замарожванне актываў кампаній павінна ўключаць у сябе «дзяржаўныя прадпрыемствы, якія робяць свой унёсак у фінансаванне рэжыму, такія як перапрацоўка нафты, здабыча калію і хімічная вытворчасць», фінансавыя ўстановы, МІнскі транзітны банк, БелАЗ, МТЗ, «Белкамунмаш», МАЗ, МЗКЦ, Мінскі электратэхнічны завод.

На выпадак, калі сітуацыя яшчэ пагоршыцца, дакумент прапануе ўвесці галіновыя санкцыі, якія ўключаюць забарону такім кампаніям, як MasterCard, VISA і Swift, прадастаўляць паслугі альбо пастаўляць тавары беларускім кампаніям, якія займаюцца энергетыкай і сыравінай, а таксама ўсім дзяржаўным кампаніям і тым кампаніям, якія належаць фізічным асобам з санкцыйнага спісу ЕС.