Адвакат: Ніякіх прапаноў аб вызваленні з СІЗА КДБ Бабарыку не паступала
Прапаноў аб вызваленні з СІЗА КДБ пад якія-небудзь умовы Віктару Бабарыку не паступала. Пра гэта TUT.BY распавёў адвакат экс-прэтэндэнта ў прэзідэнты Дзмітрый Лаеўскі.
Адвакат Дзмітрый Лаеўскі пацвердзіў, што Віктар Бабарыка па-ранейшаму знаходзіцца пад вартай. Раней дачка Віктара Бабарыкі Марыя паведаміла TUT.BY, што па справе Віктара «на жаль, няма ніякіх навінаў». Так яна адказала на просьбу пацвердзіць вызваленне бацькі.
— Віктар Дзмітрыевіч знаходзіцца ў СІЗА КДБ, ніякіх прапаноў аб вызваленні яму не паступала. Хадайніцтва і скаргі аб змене меры стрымання адхіленыя. Пра непрызнанне Віктарам Дзмітрыевічам віны паведаміла КДБ на сваім сайце — у гэтых адносінах нічога не змянілася. Зараз мы разам з Віктарам Дзмітрыевічам знаёмімся з матэрыяламі справы. І працягваем настойваць на яго невінаватасці, — распавёў Лаеўскі.
Нагадаем, член прэзідыума Каардынацыйнай рады Павел Латушка ў інтэрв'ю тэлеграм-каналу заявіў, што, па яго дадзеных, пытанне аб вызваленні экс-кіраўніка Белгазпрамбанка і экс-прэтэндэнта ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі ўздымалася на сустрэчы кіраўніка МЗС Расіі Сяргея Лаўрова і Аляксандра Лукашэнкі.
— Прайшла інфармацыя, што Віктар Дзмітрыевіч ужо знаходзіцца на волі. Яна не пацвердзілася па розных каналах, хаця хто яго ведае. Магчыма, у бліжэйшы час яна пацвердзіцца, таму што цяпер Лукашэнка нібыта адстойвае пазіцыю, паводле нашых інсайдаў, пра тое, каб Віктар Дзмітрыевіч з'ехаў на Кіпр разам са сваім сынам. І гэта будзе ўмовай вызвалення. Але, я думаю, вельмі многае залежыць ад пазіцыі Віктара Дзмітрыевіча, — заявіў Латушка.
«Справа Белгазпрамбанка»
Віктара Бабарыку затрымалі па так званай справе Белгазпрамбанка 18 чэрвеня. Разам з экс-банкірам быў затрыманы яго сын Эдуард. Кіраўнік КДК Іван Церцель паведаміў, што Віктар Бабарыка «затрыманы ў сувязі з тым, што з'яўляўся непасрэдным арганізатарам супрацьпраўнай дзейнасці, спрабаваў уздзейнічаць на сведкаў, схаваць сляды раней учыненых злачынстваў і літаральна на днях зняць буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў».
24 лістапада ў КДБ паведамілі, што следчае ўпраўленне ведамства скончыла папярэдняе расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да топ-менеджараў Белгазпрамбанка. Усе фігуранты цалкам прызналі сваю віну ў інкрымінаваных ім злачынствах, за выключэннем Віктара Бабарыкі, адзначаюць у ведамстве.
Віктара Бабарыку ў КДБ назвалі «арганізатарам злачыннай дзейнасці». Яму прад'яўлена абвінавачванне ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 3 арт. 430 і ч. 2 арт. 235 КК Рэспублікі Беларусь па фактах атрымання хабараў арганізаванай групай у асабліва буйным памеры, а таксама легалізацыі («адмывання») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры адпаведна", — адзначаюць у КДБ.
Раней Віктару Бабарыку ставіліся ў віну тры артыкулы: ч. 3 арт. 430 (Атрыманне хабару), ч. 2 арт. 243 (Ухіленне ад выплаты сум падаткаў) і ч. 2 арт. 235 (Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам). Да гэтага замест ч. 3 арт. 430 (Атрыманне хабару) фігуравала ч. 2 арт. 431 (Дача хабару).
tut.by