Алесь Астроўскі: Сцвярджэнне, што расіяне і беларусы адзін народ, — антынавуковае
Месяц таму на афіцыйным сайце прэзідэнта Расіі быў апублікаваны скандальны артыкул за подпісам Уладзіміра Пуціна. Яго называюць праграмным дакументам, дактрынай, якая павядзе Расію па шляху экспансіі ўкраінскіх і беларускіх зямель. Напісаны артыкул у традыцыі маскоўскіх гісторыкаў 19-га стагоддзя.
Аналіз гэтага опуса расійскага лідара дае ў размове з карэспандэнтам Радыё Рацыя рэдактар сайта “Беларусь — Наша Зямля” Алесь Астроўскі.
— Для таго, каб размаўляць пра тэму дактрынальных закідаў Пуціна, варта, напэўна, зірнуць не на гістарычныя асновы яго выказванняў, а менавіта на палітычны падтэкст?
— Цалкам згодны, я гляджу з тых самых пазіцый на гэты “твор”. Хутчэй за ўсё, гэта нават не твор, гэта — палітычная акцыя. Бо артыкул Пуціна пад назвай, што рускія і ўкраінцы — гэта адзін народ, выйшаў на афіцыйным крамлёўскім сайце kremlin.ru месяц таму, і, натуральна, выклікаў ажыятаж і вялікую рэакцыю з боку шматлікіх палітолагаў. Як унутры Расіі, так ці былых савецкіх палітолагаў, якія цяпер знаходзяцца на Захадзе, так і, натуральна, з боку многіх украінцаў.
Але трэба падкрэсліць: гэты артыкул не мае навуковага сэнсу. Разглядаць яго як нейкае апісанне гісторыі і падзей на тэрыторыі цэнтральнай і ўсходняй частцы Еўропы не выпадае. Гэта — палітычны дакумент, у ім, натуральна, не ўтрымліваецца доказаў таго, што ўкраінцы, расіяне і беларусы… з’яўляюцца адзіным народам. Утрымліваюцца нацяжкі і падтасоўванне фактаў, наўпроставыя фальсіфікацыі гістарычных падзеяў. Але больш за ўсё там назіраецца скажэнне ў інтэрпрэтацыі гістарычных падзеяў.
Калі ўзяць такую схему: нехта з расійскіх імператараў, цароў захапіў частку тэрыторыі Беларусі ці Украіны, і з пазіцыі Пуціна гэта азначае, што расіяне, беларусы і ўкраінцы — гэта адзін народ. Гэта абсалютнае глупства нават з пазіцыі элементарнай логікі.
У сувязі з тым, што гэты артыкул не проста не навуковы, гэта артыкул антынавуковы, многія называюць яго альбо нейкім опусам, альбо, падкрэсліваючы яго палітычнае значэнне, называюць яго ультыматумам, праграмай будучай анексіі расійскай імперыяй украінскіх і беларускіх зямель. Некаторыя называюць нават „Mein Kampf”, толькі ўжо Пуціна.
Вядомы палітолаг Андрэй Піянткоўскі сказаў, што гэты артыкул будзе адным з самых важных дакументаў на будучым Нюрнбергскім працэсе супраць Пуціна і яго атачэння ў сувязі з тымі злачынствамі, якія Пуцін ужо зрабіў у дачыненні да украінскага і беларускага народаў, і яшчэ збіраецца зрабіць.
Паводле Беларускае Радыё Рацыя