Алесь Лагвінец: «Нам трэба вучыцца ў габрэяў!» (фота)

Устаночы сход ініцыятывы «Дзея» прайшоў у суправаджэнні спеваў і барабанаў.

shoddzei1_logo.jpg


Сход, які праходзіў на пляцоўцы культурнай прасторы «Тартак», сабраў больш за паўсотні чалавек, разам з гасцямі і журналістамі. Само адкрыццё мерапрыемства аказалася нетрадыцыйным: пад гітару і барабаны прысутныя стоячы праспявалі «Мы выйдзем шчыльнымі радамі».

shoddzei2_logo.jpg


У пэўныя моманты сход нагадваў хаос, зусім непадобны на мерапрыемствы іншых грамадска-палітычных арганізацыяў, з іншага боку нефармальная атмасфера цалкам задавальняла моладзь, якая ў зале складала большасць.  

shoddzei3_logo.jpg


Сярод прысутных, зразумела, Алесь Лагвінец, ініцыятар «Дзеі», Пётра Маркелаў, Сяржук Бахун, Алесь Талстыка ды інш. У якасці гасцей завіталі палітыкі Таццяна Караткевіч, Юрась Меляшкевіч, музыка Андрэй Мельнікаў.
— Мы збольшага дысідэнты, — прамаўляе Алесь Лагвінец. — Наша задача — паказваць узор грамадскай дзейнасці, бо мы наўпрост свядомыя неабыякавыя грамадзяне. Спадзявацца на тое, што нехта сыйдзе альбо ўлада сама зваліцца на галаву — марна. Таму дзейнічаць трэба зараз, рыхтаваць новых лідараў, дапамагаць людзям варушыцца і адстойваць свае правы.

shoddzei34_logo.jpg


Лагвінец таксама дадаў, што беларусам варта вучыцца ў габрэяў салідарнасці і ўзаемадапамозе, эфектыўнай працы ў неспрыяльных умовах. «Большасць  заўжды думае пра побытавыя выгоды, таму нам патрэбная актыўная крытычная меншасць», — рэзюмаваў сп. Алесь.
— Упэўнены, што ваша арганізацыя будзе на слыху, — адзначыў намеснік старшыні Руху «За Свабоду». Юрась Меляшкевіч, — гэта ваш свядомы крок у будучыню. Ведайце, што ў вас шмат сяброў, шмат людзей побач глядзяць на вас са спадзяваннямі.
На сходзе была зацверджаная Рада арганізацыі з 9 чалавек. Старшыні, сустаршыняў альбо намеснікаў наўпрост няма. Таксама будзе падрыхтаваная электронная сістэма кіравання арганізацыяй, чаго раней не было ні ў адной беларускай палітычнай альбо грамадскай структуры.