Алесь Бяляцкі не бачыць відавочных падстаў для скарачэння санкцыйнага спісу Еўрасаюза

Сёння стала вядома, што Рада Еўрапейскага саюза сваім рашэннем ад 31 ліпеня зняла санкцыі з 24 беларускіх чыноўнікаў, датычных да рэпрэсій і пераследу прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці.  



ales_bialiackicsiarhei_gryc.jpg

Са спісу выкрасленыя прадстаўнікі адміністрацыі прэзідэнта, сілавых міністэрстваў, кіраўнікі навучальных устаноў, суддзі: Сяргей Абламейка, Тамара Алпеева, Алена Ананіч, Мікалай Балаўнеў, Андрэй Бараноўскі, Міхаіл Батура, Алена Чарняк, Жанна Дубініна /Роўда, Вольга Гусакова, Наталля Кузняцова, Алена Лапцева, Леанід Мальцаў, Наталля Меркуль, Генадзь Нявыглас, Генадзь Падгайскі, Уладзімір Палуян, Наталля Пяткевіч, Яўген Полудзень, Юрый Пракопаў, Анатоль Рубінаў, Лідзія Цяліца, Наталля Варэнік, Аляксей Васільеў, Валянціна Зянкевіч.

Каментуючы рашэнне Еўрасаюза старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі адзначыў, што не бачыць ніякіх відавочных падстаў для скарачэння санкцыйнага спісу Еўразвязу:

“Мяркую, што санкцыі супраць пэўных чыноўнікаў павінны захоўвацца, пакуль не будуць вырашаныя пытанні з парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі, за якія яны патрапілі ў чорны спісы. А гэта ў першую чаргу — падзеі 2010 года: жорсткі разгон дэманстрацыі ў Мінску, арышты і наступныя рэпрэсіі ў дачыненні да многіх грамадзян”.

У цяперашні час у спіс уключаны каля 200 беларускіх чыноўнікаў. Папярэдні раз чорны спіс ЕС скарачаўся 31 кастрычніка 2014 года:  тады з яго таксама былі выключаныя 24 асобы і сем кампаній.

spring96.org