Аляксандр Казулін можа вярнуцца ў палітыку

Кандыдат у прэзідэнты 2006 года Аляксандр Казулін можа вярнуцца ў палітыку.

Фота: svaboda.org

Фота: svaboda.org


Як піша nn.by, у суботу, 11 лістапада, ён плануе наведаць пасяджэнне Мінскай абласной арганізацыі БСДП "Грамада". Не выключана, што Казулін выставіць сваю кандыдатуру ў кіраўнікі партыі на бліжэйшых выбарах. Яны мусяць адбыцца не пазней за сакавік 2018 года.
Аляксандру Казуліну 62 гады. У 1996—2003 гадах ён быў рэктарам БДУ. Пэўны час у перыяд свайго рэктарства Казулін нават уваходзіў у склад Савет міністраў і быў так званым "міністрам без партфеля". БДУ ў гэты час быў выведзены з падпарадкавання Міністэрству адукацыі.
Пасля скандальнага звальнення з пасады рэктара Казулін амаль год нідзе не паказваўся, а потым узначаліў сацыял-дэмакратычную партыю і быў вылучаны адным з апазіцыйных кандыдатаў на прэзідэнцкіх выбарах 2006 года.
25 сакавіка 2006-га палітык павёў калону людзей да турмы на Акрэсціна, каб вызваляць арыштаваных. За гэта яго асудзілі на 5,5 года — "за злоснае хуліганства" і "арганізацыю масавых беспарадкаў".
Падчас зняволення Казуліна памерла яго жонка Ірына. На волю ён выйшаў у жніўні 2008 года, аднак адразу адышоў ад актыўнай палітычнай дзейнасці.
Тэлефон палітыка адключаны.

euroradio.fm