Азараў: калі нехта хоча выпісацца з плана Перамога — гэта як здрада радзіме для мяне
Аляксандр Азараў, які раней кіраваў BYPOL, а сёння працягвае знаходзіцца ў Аб'яднаным Пераходным Кабінеце, адказаў на пытанні заклапочаных беларусаў пра план і пра бяспеку.
Аляксандр Азараў адказаў на пытанні чытачоў «Нашай Нівы».
Ці не адбылося зліву звестак беларусаў з плана «Перамога» праз канфлікт у «Байполе»?
— План «Перамога», бот плана «Перамога», акаўнт «Байпола», на які пісалі людзі, — усё знаходзіцца ў бяспецы, і аніякія звесткі нікуды ніхто не зліў. Мы гарантуем бяспеку.
Што сталася са звесткамі, якія перадалі «Байпол» беларусы?
— Поўныя асабістыя даныя нам ніхто не перадаваў, людзі адказвалі на пытанні: ці праходзілі яны вайсковую службу, што гатовыя рабіць, у якім населеным пункце і раёне горада пражываюць і, можа быць, дзе працуюць.
Там няма ні нумароў тэлефонаў, ані мэйлаў, ані імёнаў і прозвішчаў. Усе нібыта «злітыя базы» — гэта ўкіды спецслужбаў Беларусі.
Наша база зашыфраваная з дапамогай складанага алгарытму, нават калі яе адкрыць — ты нічога там не зробіш. Там усё ў шыфрах.
Якія ўвогуле звесткі захоўваюцца ў базе плана «Перамога»?
— Там захоўваюцца звесткі з анкетнага апытання і id тэлеграм-акаўнтаў. «Здэананімізаваць» чалавека па id можна, хоць і складана, але для гэтага трэба ведаць, што чалавек увогуле запісаўся ў план. Даведацца гэта напэўна немагчыма, бо немагчыма атрымаць базу звестак, і інфармацыя адтуль не ўцякала і не ўцячэ.
Якім чынам арганізавана сувязь унутры плана «Перамога» і як не папасца на фэйкі?
— Уся камунікацыя ў межах плана «Перамога» адбываецца выключна праз арыгінальны бот. І ўсё, аніякіх іншых шляхоў сувязі няма.
У бот немагчыма нічога запісаць, акрамя анкетных звестак. Таму, калі з вамі захоча звязацца прадстаўнік плана «Перамога», то з бота плана прыйдзе паведамленне. Да прыкладу: «Просьба выйсці на сувязь з гэтым акаўнтам». І там будзе спасылка на акаўнт супрацоўніка «Байпола». Але, яшчэ раз, пераправерце двойчы, каб гэта быў арыгінальны — арыгінальны! — бот.
Як зараз звязацца са стваральнікамі плана «Перамога»?
— Нашы кантакты ўказаныя на сайце «Байпол», з сацыяльнымі сеткамі ўсё вырашаецца. Таксама мы кантралюем наш кантактны акаўнт. Усе ахвотныя могуць задаць туды свае пытанні.
Ці магчыма «выпісацца» з плана «Перамога»?
— Расказваць, як выпісацца з плана, — гэта як здрада радзіме для мяне, бо я веру ў план «Перамога» і ў тое, што ён важны для вызвалення Беларусі. Мы заклікаем змагацца з рэжымам, а не здавацца яму ў палон. Хто баіцца, той не пераможа!
Вы будзеце працягваць вашу дзейнасць?
— Так, у нас усё ў парадку. Мы вырашаем унутраныя праблемы і працягнем змаганне з рэжымам Лукашэнкі да перамогі.
Чаму беларусы мусяць даверыцца плану «Перамога»?
— Яму раней даверыліся рэйкавыя партызаны, удзельнікі акцыі ў Мачулішчах і іншыя людзі, якія дзейнічаюць, каб вярнуць у Беларусь законнасць і правапарадак. І кожнага разу звесткі ўсіх удзельнікаў былі ў бяспецы. Таму я лічу, што мы дастаткова добра абаранілі і працягваем абараняць даныя ўдзельнікаў плана.