Азбука паліталогіі. Кароткая гісторыя Беларусі: ад абрання кіраўнікоў да іх прызначэння

Пры ўсёй павазе да ўказаў, распараджэнняў, а ў нядаўнім мінулым — і да дэкрэтаў, лідарам у рэйтынгу лёсавызначальнасці варта прызнаць семінары-нарады з кіруючымі работнікамі рэспубліканскіх і мясцовых дзяржаўных органаў.
Ілюстрацыйнае фота, Дзмітрый Дзмітрыеў

Ілюстрацыйнае фота, Дзмітрый Дзмітрыеў

Тэарэтычнае абгрунтаванне Беларускай мадэлі (22 сакавіка 2002 года), а таксама ідэалагічная вертыкаль, якая здольная дайсці да кожнага (27 сакавіка 2003 года), нават пры так і не сфарміраванай ідэалогіі, сваім з’яўленнем на свет абавязаныя менавіта семінарам-нарадам.

Час пакажа, ці дацягне па значнасці да ўзроўню сваіх папярэднікаў чарговы семінар-нарада, прысвечаны актуалізацыі метадаў і формаў працы з насельніцтвам на мясцовым узроўні (10 чэрвеня 2022-га). Вялікае бачыцца з пэўнай адлегласці. Тым не менш, на адну выснову па гарачых слядах я паспрабую замахнуцца.

Такія вось пірагі з кацянятамі

Беларуская дзяржава — дзяржава для народа. Яна не тлуміць сабе галаву распрацоўкай вобраза будучыні, бо сваю місію бачыць у захаванні традыцыйнага ўкладу жыцця.

І, улічваючы дынамізм сучаснага жыцця, гэта задача з зорачкай. Амаль тры дзесяцігоддзі яе вырашаюць за кошт умацавання вертыкалі ўлады ды адначасова спрабуюць максімальна наблізіць гэтую архаічную канструкцыю да людзей.

Вертыкаль зводзіць усе лініі кіравання ў адзін пункт, чым робіць бессэнсоўным прынцып падзелу ўладаў. У часы ўзвядзення пірамід — ва ўмовах абмежаванай колькасці кіраўніцкіх рашэнняў — адзінаначалле сябе апраўдвала. Аднак сучаснае грамадства ўладкаванае значна больш складана, і яно вымагае прыняцця прынцыпова іншай колькасці якасных рашэнняў у адзінку часу, — прычым рашэнняў, узгодненых паміж сабой.

Паводле закону неабходнай разнастайнасці (закон Эшбі), адэкватнае кіраванне можа быць забяспечанае толькі ў тым выпадку, калі разнастайнасць сродкаў кіраўніка як мінімум не меншая, чым разнастайнасць кіраванай ім сітуацыі.

Важная рэмарка: узровень разнастайнасці элементаў, якія складаюць сістэму, вызначае ўзровень яе стабільнасці. Залежнасць тут наўпроставая: чым разнастайнейшая сістэма, тым больш яна стабільная.
Нескладана заўважыць, што на шкале разнастайнасці ўладная вертыкаль займае крайняе становішча. Яна «прасцейшая за піва, больш дурная за лато». Не дзіўна, што вертыкальна пабудаваныя кіраўнічыя структуры зацыкліваюцца на падтрыманні стабільнасці. Свежы прыклад — Указ № 93 ад 14 сакавіка «Аб дадатковых мерах па забеспячэнні стабільнага функцыянавання эканомікі».

Цытата з дакладу на семінары-нарадзе: «Беларуская дзяржава была створаная народам і для сябе самога — для народа». З гэтым не паспрачаешся, калі звесці паняцце «дзяржава» да канкрэтнай асобы, што ўтульна размясцілася на вяршыні ўладнай вертыкалі.

Мая ўпэўненасць заснаваная на артыкуле 119 Асноўнага закона краіны: «Кіраўнікі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў прызначаюцца на пасаду і вызваляюцца ад пасады прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь або ва ўстаноўленым ім парадку і зацвярджаюцца на пасадзе адпаведнымі мясцовымі Саветамі дэпутатаў».
Такія вось пірагі з кацянятамі. Дэмакратыя дэмакратыяй, але кіраўнікі адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак у сучаснай Беларусі знізу да верху не абіраюцца, а прызначаюцца. Які кантраст з сярэднявечнымі гарадамі Вялікага Княства Літоўскага, якія мелі Магдэбургскае права!

Цікавае прызнанне

Знайсці тлумачэнне такому гістарычнаму парадоксу нескладана. ВКЛ было часткай заходне-хрысціянскай цывілізацыі. Аднак пасля трэцяга падзелу Польшчы (1795) на тэрыторыі, якая перайшла пад кантроль Расіі, адбылася змена цывілізацыйнай ідэнтычнасці.

У расійскай цывілізацыі прынцып «дзяржава — гэта я» (прынцып монасуб’ектнасці) аформіўся ў якасці сістэмаўтваральнага задоўга да таго, як яго нібыта абвясціў кароль Францыі Людовік XIV. На практыцы ажыццяўленне гэтага прынцыпу магчыма толькі пры ўмове фарміравання ўладнай вертыкалі зверху ўніз. Таму артыкул 119 Канстытуцыі не варта разглядаць у якасці выпадковай дэвіяцыі, спароджанай капрызам канкрэтнага чалавека. Без гэтага ўказы і распараджэнні першай асобы не змогуць мець абавязковую сілу (артыкул 85).

Наадварот, выпадковай дэвіяцыяй была першая беларуская Канстытуцыя, прынятая на хвалі ліберальнага ўзбуджэння, спароджанага Перабудовай. Аднак у 1996 годзе прырода ўзяла сваё. Далейшыя карэкціроўкі Асноўнага закона монасуб’ектнасць першай асобы толькі ўзмацнялі.

У 1994 годзе ў Беларусі да ўлады прыйшла каманда, што была не здольная кіраваць свабоднымі людзьмі. На дэмакратычных выбарах яна была абраная большасцю, што складалася з несвабодных людзей. І ў гэтым сэнсе «кіраўнічая вертыкаль ні ў якім разе не супрацьпастаўляецца народу». Вось толькі за тры дзесяцігоддзі структура народа зведала значныя змены. Масавыя пратэсты лета-восені 2020 года таму нагляднае пацверджанне.

Аднак ад першай асобы перавядзем позірк на вертыкаль у цэлым. Варта пагадзіцца з тым, што ля руля вертыкалі ўлады «знаходзяцца не алігархі, не патомныя кіраўнікі, а людзі, якіх вылучае на пасады само жыццё». Гэта значыць, яны самі паходзяць адтуль. «Таму і пытанні, з якімі ідуць беларусы на прыём да таго ці іншага начальніка, як правіла, яму блізкія і зразумелыя».

Цікавае прызнанне. Згодна з артыкулам 3 Канстытуцыі, «адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца народ». Аднак у канструкцыі, апісанай вышэй, выкананне ўладных паўнамоцтваў ускладзенае на начальнікаў, перад якімі народ выступае ў ролі просьбітаў. Рабоце кіраўнікоў з прашэннямі (зваротамі грамадзян) і быў прысвечаны семінар-нарада.

Мне запярэчаць, маўляў, я наўмысна працытаваў артыкул 3 не цалкам. Справядлівая заўвага, таму працягну цытаванне: «Народ ажыццяўляе сваю ўладу непасрэдна, праз прадстаўнічыя і іншыя органы ў формах і межах, вызначаных Канстытуцыяй».

Яно-то так. Аднак жа ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў семінара-нарады аказаліся не дэпутаты, а «нашы начальнікі, чыноўнікі», якія, «каб нічога не рабіць, увядуць вам любую норму і ініцыятыву праявяць». Але не ўсё так безнадзейна, бо гэтую ініцыятыву «нам ёсць куды накіроўваць».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: