БХД стварае і партыю, і рэспубліканскую грамадскую арганізацыю

З’езд Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі 13 чэрвеня пастанавіў зарэгістраваць Партыю “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”. Яе сустаршынямі абраныя Георгі Дзмітрук, Віталь Рымашэўскі і Павал Севярынец.   



98658.jpg

У склад Нацыянальнай Рады Партыі БХД абраныя 60 чалавек з розных рэгіёнаў Беларусі. З’езд таксама зарэгістраваў статут і сімволіку Партыі БХД.
“БХД рыхтуецца стаць вядучай палітычнай сілай Беларусі і прыйсці да ўлады”,  адзначыў Павал Севярынец, прадстаўляючы да зацвярджэння праект абноўленай і дапоўненай праграмы БХД.
Ранейшая праграма Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі мела тэзісны характар і аб'ём 14 старонак. Праект новай праграмы, які будзе прапанаваны на разгляд дэлегатаў з'езду, разгорнуты да аб'ёму каля 100 старонак. Кожны з раздзелаў - «Народ і краіна», «Царква», «Асоба і супольнасць», «Дзяржаўны лад», «Сістэма мясцовага і рэгіянальнага кіравання і самакіравання», «Замежная палітыка», «Бяспека і праваахова», «Правасуддзе», «Эканоміка, бізнэс і праца», «Сацыяльная абарона», «Прырода і экалогія», «Моладзь, сям'я і адукацыя» змяшчае канкрэтныя прапановы ў заканадаўства.
«Вялікі праграмны праект рыхтавалі больш як тры гады,  кажа сустаршыня Павал Севярынец У распрацоўцы праграмы прымалі ўдзел беларускія эксперты, шмат што ўзята з досведу еўрапейскіх хрысціянска-дэмакратычных партыяў, асабліва з нямецкай ХДС/ХСС. У рэдагаванні ўдзельнічалі беларускія святары розных канфесій. Новая праграма мае назву «Народная партыя з хрысціянскім сэрцам»».
Апроч таго, было прынята рашэнне аб неабходнасці стварыць рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў. Адказнай за падрыхтоўку дакументаў на рэгістрацыю абраная каардынатар аргкамітэту БХД у Менску Вольга Кавалькова.
Паводле прэс-службы БХД