Беларусь аднавіла дыпламатычную прысутнасць у Швецыі

У Стакгольм  прыбыў і прыступіў да выканання сваіх абавязкаў часовы павераны ў справах Беларусі ў Швецыі. Такім чынам, афіцыйны Мінск аднавіў дыпламатычную прысутнасць у гэтай скандынаўскай краіне.

Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак


Пра аднаўленне дыпламатычнай прысутнасці міністр замежных спраў Уладзімір Макей праінфармаваў пасла Швецыі ў Беларусі Марціна Оберга на сустрэчы 18 лістапада.
«Бакі абмеркавалі перспектыўныя кірункі развіцця супрацоўніцтва Беларусі і Швецыі, узаемадзеянне па лініі Беларусь—ЕС, а таксама актуальныя пытанні рэгіянальнага парадку дня», — паведаміла прэс-служба беларускага знешнепалітычнага ведамства.
Ахаладжэнне ў адносінах паміж дзвюма краінамі пачалося чатыры гады таму. 4 ліпеня 2012 года аднаматорны самалёт са шведскім экіпажам з супрацоўнікаў кампаніі Studio Total несанкцыянавана перасёк паветраную мяжу Беларусі. Ён правёў у паветранай прасторы краіны каля паўтары гадзіны, скінуўшы над Івянцом і ўскраінай Мінска плюшавых медзведзянят з запіскамі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі (у беларускіх СМІ акцыя атрымала назву "плюшавы дэсант").
Спачатку ваенныя і памежнікі адмаўлялі парушэнне дзяржмяжы. 13 ліпеня ў рамках расследавання быў затрыманы 20-гадовы фатограф Антон Сурапін, які першым выклаў на сваім сайце Belarusian News Photos фатаграфіі скінутых шведамі цацачных мядзведзяў. Пазней стала вядома пра затрыманне рыэлтара Сяргея Башарымава, які займаецца здачай кватэр на кароткі тэрмін і ў якога шведы маглі або планавалі здымаць жыллё.
31 ліпеня за «неналежнае выкананне службовых абавязкаў па забеспячэнні нацыянальнай бяспекі» Аляксандр Лукашэнка зняў з пасад кіраўніка Дзяржпагранкамітэта Ігара Рачкоўскага і камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны генерал-маёра Дзмітрыя Пахмелкіна.
1 жніўня беларускія ўлады адмовілі ў працягу акрэдытацыі паслу Швецыі Стэфану Эрыксану, абвінаваціўшы ў дэструктыўнай дзейнасці. У адказ шведскія ўлады заявілі, што не прымуць новага пасла Беларусі, і рэкамендавалі двум супрацоўнікам беларускага пасольства пакінуць Стакгольм. 30 жніўня абодва пасольствы спынілі сваю працу. Функцыі шведскага пасольства ў Мінску выконвала дыппрадстаўніцтва Эстоніі, беларускага ў Стакгольме — пасольства Латвіі. Лукашэнка заявіў, што канфлікт вакол пасла Швецыі і інцыдэнт з незаконным палётам над Беларуссю шведскага самалёта ніяк не звязаныя.
Вясной 2013 года беларускі бок задаволіў просьбу шведскага боку і акрэдытаваў у Мінску часовага паверанага ў справах Швецыі ў Беларусі.
З ліпеня 2013 года Марцін Оберг працаваў у Мінску ў рангу часовага паверанага ў справах Швецыі ў Беларусі, а ў канцы красавіка 2015 года быў прызначаны паслом. Пасля гэтага прызначэння дыпламат заявіў БелаПАН, што Швецыя вітала б адкрыццё беларускага пасольства ў Стакгольме, але канчатковае рашэнне за Беларуссю.
25 чэрвеня 2015 года Аляксандр Лукашэнка, прымаючы даверчыя граматы шведскага пасла Марціна Оберга, заявіў, што наспеў час аднавіць поўнафарматнае супрацоўніцтва са Швецыяй. Ён адзначыў, што Швецыя адыгрывае важную ролю ў рэгіянальных і субрэгіянальных працэсах на поўначы Еўропы. «Яе голас важка гучыць у Еўрасаюзе. Ды і мы ніколі не скрывалі, што нам ёсць чаму павучыцца ў Швецыі», — дадаў Лукашэнка.
2 кастрычніка пра магчымасці аднаўлення працы беларускага пасольства ў Швецыі ў 2016 годзе паведаміла журналістам намеснік міністра замежных спраў Алена Купчына.
Паводле БелаПАН