Беларусь дамовілася з Казахстанам пра пастаўкі нафты
Беларусь дамовілася з Казахстанам пра пастаўкі нафты і нафтапрадуктаў. У дакуменце не пазначаны аб'ёмы паставак, але акрэслены ўмовы і правілы паставак, паведамляе «Еўрарадыё».

Фота www.inform.kz
Як паведаміў міністр энергетыкі Казахстана Канат Базумбаеў, тэкст пагаднення ўзгоднены на 100%, ён мусіць яшчэ прайсці "ўнутрыдзяржаўныя працэдуры". І толькі пасля гэтага яно будзе падпісанае.
Па словах міністра, у дакуменце не пазначаны аб'ёмы паставак, але акрэслены ўмовы і правілы паставак. "Мы прадаставім беларускім партнёрам магчымасць правядзення перамоў з нашымі нафтаздабываючымі кампаніямі, — цытуе словы Базумбаева zakon.kz. — Найперш гэта нашы нафтаздабываючыя кампаніі на Тэнгізы, Карачаганаку і Кашагане".
Пагадненне было дасягнута падчас візіту ў Казахстан Аляксандра Лукашэнкі і прадстаўнічай беларускай дэлегацыі.
У верасні ў Нур-Султане заявілі, што Беларусь хоча набываць нафты і нафтапрадуктаў з Казахстана да 3,5 млн тон на год. Беларусам тады ставілі ўмову пра недапушчэнне рээкспарту. Ці засталася гэтая ўмова ва ўзгодненым дакуменце, пакуль невядома.
У нядаўнім інтэрв'ю журналістам з Казахстана Лукашэнка заявіў, што Мінск і Нул-Султан маглі бы сумесна перапрацоўваць і прадаваць нафту. І гэтае пытанне мусіла абмяркоўвацца падчас яго візіту. Навошта Беларусі нафта з Казахстана? Гэта працяг пошуку альтэрнатыўных расійскаму варыянтаў яе паставак у нашу краіну.