Беларусь — «вароты на Захад» для Кітая
Як Кітай, так і Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва ў цэлым могуць разлічваць на падтрымку Беларусі ў любых пытаннях. "Мы гатовыя быць "заходнімі варотамі" гэтай арганізацыі", — заявіў Аляксандр Лукашэнка ў Ташкенце на сустрэчы са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам.
Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, Лукашэнка адзначыў, што Беларусь гатова ісці па шляху паглыблення адносінаў з Кітаем і Шанхайскай арганізацыяй супрацоўніцтва. "Хачу падзякаваць вам за тое, што наша Беларусь — адзіная з еўрапейскіх дзяржаў атрымала статус назіральніка пры Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Без падтрымкі вялікага Кітая гэта было б немагчыма. Мы вам вельмі ўдзячныя", — сказаў ён, звяртаючыся да Сі Цзіньпіна.
У якасці прыкладу таго, як Беларусь паслядоўна выконвае ўзятыя на сябе абавязацельствы, Лукашэнка прывёў рэалізацыю праекта па стварэнні Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку "Вялікі камень". "Як вы яго назвалі, гэта жамчужына Вялікага шаўковага шляху. Мы будзем рабіць усё, і робім цяпер, каб гэты праект быў напоўнены эканамічным зместам", — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. У сваю чаргу Сі Цзіньпін павіншаваў Лукашэнку з паспяховым правядзеннем пятага Усебеларускага народнага сходу, дзе абмяркоўваўся пяцігадовы план сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі. "Упэўнены, што пад вашым кіраўніцтвам у Беларусі будуць дасягнуты новыя поспехі", — сказаў старшыня КНР.
Ён адзначыў, што беларуска-кітайскія адносіны імкліва набіраюць абароты і па ўсіх пытаннях бакі падтрымліваюць адзін аднаго. Сі Цзіньпін таксама звярнуў увагу, што ў Беларусі цяпер праходзіць парламенцкая выбарчая кампанія. У сувязі з гэтым ён выказаў падтрымку намаганням, нацэленым на спакойнае правядзенне выбараў.
Сі Цзіньпін запрасіў Аляксандра Лукашэнку наведаць Кітай з дзяржаўным візітам і заявіў пра гатоўнасць далейшага паглыблення супрацоўніцтва па ўсіх кірунках.
Сустрэча кіраўнікоў Беларусі і Кітая прайшла ў Ташкенце, дзе сёння яны возьмуць удзел у пасяджэнні савета кіраўнікоў дзяржаў — членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.
Саміт ШАС стане першым, у якім Беларусь будзе браць удзел на найвышэйшым узроўні ў новым статусе назіральніка.
У рамках візіту таксама запланаваныя двухбаковыя сустрэчы Лукашэнкі з лідарамі замежных краін.
Членамі ШАС з'яўляюцца Казахстан, Кыргызстан, Кітай, Расія, Таджыкістан і Узбекістан, краінамі-назіральнікамі — Афганістан, Беларусь, Індыя, Іран, Манголія, Пакістан. Яшчэ шэраг дзяржаў з'яўляюцца партнёрамі па дыялогу ШАС.
Беларусь атрымала статус назіральніка ў ШАС 10 ліпеня 2015 года на саміце арганізацыі ва Уфе. Да гэтага на працягу пяці гадоў Беларусь мела ў арганізацыі статус партнёра па дыялогу.
Аляксей Арэшка, БелаПАН