Беларускі катынскі спіс знойдзены і перададзены Польшчы

Польская “Gazeta Wyborcza распавяла, што беларускі катынскі спіс знойдзены і перададзены Польшчы расійскім навукоўцам, доктарам гістарычных навук, прафесарам Наталляй Лебедзевай, паведаміў карэспандэнту “Новага часу даследчык гісторыі сталінскіх рэпрэсій Ігар Кузняцоў.    

Польская “Gazeta Wyborcza распавяла, што беларускі катынскі спіс знойдзены і перададзены Польшчы расійскім навукоўцам, доктарам гістарычных навук, прафесарам Наталляй Лебедзевай, паведаміў карэспандэнту “Новага часу даследчык гісторыі сталінскіх рэпрэсій Ігар Кузняцоў.

Паводле ягоных слоў, у спісе, мяркуючы па почырку, запоўненым адным чалавекам, — імёны, імёны па бацьку і прозвішчы 1 996 вязняў турмаў НКУС у Баранавічах, Беластоку, Брэсце, Гродне, Вілейцы, Пінску і іншых заходнебеларускіх гарадах, занятых Чырвонай Арміяй падчас так званага вызваленчага паходу ў заходнія рэгіёны Беларусі і Украіны восенню 1939 года, а таксама інфармацыя, адкуль і куды людзей этапавалі.

“Газета адзначае. што з канца сакавіка па ліпень 1940 года ў Мінск былі этапаваныя 1 800 з 1 996 вязняў. Як мяркуе Лебедзева, 99% з іх былі  расстраляныя — у той самы час, што і польскія афіцэры ў Катыні, Цверы і Харкаве. Даследчыца знайшла гэты спіс ў Маскве, у Расійскім дзяржаўным ваенным архіве, у справах 15-й брыгады канвойных войскаў НКУС, якая ў 1940 годзе месцілася ў Беларусі і этапавала вязняў у сталіцу БССР. Лебедзева адзначае, што ўсе сем’і расстраляных польскіх вайскоўцаў былі сасланыя ў Казахстан, таму яна плануе ў бліжэйшы час зрабіць зверку спіскаў загінулых і ссыльных. Газета падкрэслівае, што знойдзеныя дакументы, якія плануецца апублікаваць поўнасцю, з’яўляюцца першым за 72 гады сведчаннем пра лёсы людзей, якія патрапілі ў лапы НКУС і расстраляныя ў Беларусі. Аднак у сувязі з тым, што расстрэлы афіцэраў польскай арміі праводзіліся спешна, не выключаны выпадкі, што некаторыя людзі з гэтага спісу па невядомых прычынах былі не расстраляныя, а этапаваныя ў ГУЛАГ, — сказаў Кузняцоў. 

Ён нагадаў, што падчас жалобных мерапрыемстваў у Катыні ў красавіку 2010 года было заяўлена пра намер старшыні расійскага ўраду Уладзіміра Пуціна перадаць польскаму прэм’ер-міністру Дональду Туску беларускі катынскі спіс, што, аднак, не адбылося, і расійскі бок ніяк не каментаваў гэтую сітуацыю. 

“Зараз нашы апаненты могуць сказаць, што гаворка ідзе пра спіс вязняў, канваяваных у Мінск. І што, маўляў, далей вязні маглі быць накіраваныя ў іншыя месцы зняволення, мабілізаваныя ў Армію генерала Уладзіслава Андэрса альбо ў часткі Войска Польскага, — адзначыў Кузняцоў. 

Ён звярнуў увагу на рашэнне палітбюро ЦК ВКП (б) ад 5 сакавіка 1940 года, згодна з якім падлягалі расстрэлу 22 тысячы афіцэраў польскай арміі, якія патрапілі ў савецкі палон у верасні 1939 года. “У рашэнні, між іншым, была ўказана, што справы аб 11 тысячах  арыштаваных, якія знаходзяцца ў турмах заходніх абласцей Беларусі і Украіны, трэба разгледзець у асобым (у пазасудовым) парадку без выкліку арыштаваных і без прад’яўлення абвінавачвання. Прычым спісы афіцэраў польскай арміі, якія падлягалі расстрэлу, былі складзеныя НКВД БССР і УССР. Канчатковы вырак аб прывядзенні прысуду ў выкананне, згодна з рашэннем палітбюро, павінна была вынесці “тройка ў складзе Меркулава, Кабулава і Баштакова. І ніякіх дадатковых дакументаў для расстрэлу вязняў больш не патрабавалася, — падкрэсліў гісторык. 

Разам з тым, на ягоную думку, спіс на 1 996 чалавек, які знайшла Лебедзева, няпоўны. “У дакладной запісцы старшыні КДБ СССР Аляксандра Шалепіна першаму сакратару ЦК КПСС Мікіту Хрушчову ад 3 сакавіка 1959 года называецца лічба ў 7 305 пакараных смерцю ў турмах заходніх абласцей Беларусі і Украіны ў 1940 годзе. І калі мы адымем ад гэтай лічбы 3 435 прозвішчаў афіцэраў польскай арміі, расстраляных у турмах Заходняй Украіны, украінскі катынскі спіс на каторых у 1994 годзе Служба бяспекі Украіны перадала польскаму боку, дык атрымліваецца, што ў беларускім катынскім спісе павінна застацца не менш за 3 870 прозвішчаў ахвяраў злачынстваў НКУС. Аднак гэтай афіцыйнай статыстыцы нельга поўнасцю давяраць. Так, у дакладной запісцы наркама унутраных спраў СССР Лаўрэнція Берыі, падрыхтаванай да пасяджэння палітбюро ЦК ВКП (б) ад 5 сакавіка 1940 года, паказваецца лічба 18 750 афіцэраў польскай арміі, што знаходзяцца ў турмах заходніх абласцей Беларусі і Украіны і падлягаюць расстрэлу. За шмат год, што я займаюся праблемай сталінскіх рэпрэсій, ні разу не сустракаў выпадку невыканання планавыых заданняў па гэтаму злавеснаму паказчыку, — адзначыў Кузняцоў.

Па ягоных падліках, беларускі катынскі спіс можа ўключаць каля 11 тысяч ахвяраў, добрая палова з каторых — ураджэнцы Беларусі.  

Кузняцоў нагадаў, што на прэсавай канферэнцыі 23 снежня 2011 года, у адказе на пытанне карэспандэнта Польскага радыё пра беларускі спіс, кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў: "Ніводнага польскага грамадзяніна не было расстраляна, знішчана на беларускай зямлі ў тыя часы". 

Гісторык таксама прывёў словы дырэктара дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі, кандыдата гістарычных навук Уладзіміра Адамушкі, які 22 мая 2012 года заявіў адносна беларускага катынскага спісу, што “такога спісу няма ў прыродзе і быць не можа.   

На думку Кузняцова, расстрэлы афіцэраў польскай арміі, мабыць, праводзіліся ва ўрочышчы Благаўшчына каля Трасцянца на паўднёвым ускрайку сталіцы. А супрацоўнік будаўнічай арганізацыі, які ў 1986 годзе ўдзельнічаў у пракладцы інжынерных сетак ў раёне ўрочышча Курапаты на паўночна-ўсходнім ускрайку Мінска, прыводзіць сведчанні пажылой жанчыны, каторая на веласіпедзе ехала з сталіцы ў раён вёскі Бальшавік: вясною і летам 1940 года ва ўрочышчы яна бачыла ў кустах ля дарогі шмат польскай вайсковай формы, што забойцы расстраляных звальвалі ў кучы. 

Катынскае злачынства — гэта расстрэлы 1940 года ў Расіі і на Украіне: у Катыні (у наваколлі Смаленска), каля Харкава і Цверы; а таксама ў турмах Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны палонных афіцэраў польскай арміі.