Беларускай апазіцыі лепш не ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах, — палітолаг

Няма ніякіх кардынальных праблемаў, якія б справакавалі сітуацыю небяспекі для ўлады на выбарах. Адзінае — гэта магчымае пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ў сувязі з «падатковым манэўрам» ды іншымі вонкавымі шокам, сказаў палітолаг «Радыё Свабода» .

5c173fd5_bd15_41a0_8857_1a0e22f470cf_w1597_n_r1_s.jpg


Госць «Інтэрвію тыдня» — беларускі палітолаг Андрэй Ягораў, дырэктар Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі. Ён ацэньвае стан грамадства і ўлады напярэдадні выбарчых кампаніяў, заяўляе, што ніякай буйной гульні Расаі на гэтых прэзідэнцкіх выбарах не чакаецца, і тлумачыць, чаму рацыянальным крокам для беларукай апазіцыі было б не браць удзелу ў гэтай прэзідэнцкай кампаніі.

 

Сцісла

·        Няма ніякіх кардынальных праблемаў, якія б справакавалі сітуацыю небяспекі для ўлады на выбарах.

·        Жорсткая палітыка Расіі будзе выклікаць больш незалежніцкай рыторыкі, мяккая палітыка будзе скарыстаная для прапаганды «дружбы і інтэграцыі».

·        Няўдзел апазіцыі ў выбарах стаў бы контрадзеяннем, якое магло б сабраць значна больш сімпатыяў з боку беларускага грамадства.

 

Гэта будзе вельмі лёгкая для ўлады кампанія

— Як можна апісаць «пейзаж перад бітвай», стан беларускай улады, грамадства і апазіцыі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў? Ці можна казаць, што для Лукашэнкі гэта будзе дастаткова лёгкая кампанія, ці ўсё яшчэ можа памяняцца?

 

Андрэй Ягораў

Андрэй Ягораў

— Натуральна, гэта будзе вельмі лёгкая для ўлады кампанія. Мы маем цалкам расцярушаную, слабую, не здольную ні на што ўплываць апазіцыю. Мы маем палітычна пасіўнае грамадства, якое не цікавіцца выбарамі і ўскладае спадзяванні на цяперашнюю ўладу. І мы маем добры стан адміністратыўнай гатовасці, мабілізацыі ўлады да правядзення выбараў.

У прынцыпе, няма ніякіх кардынальных праблемаў, якія б справакавалі сітуацыю небяспекі для ўлады на выбарах. Адзінае — гэта магчымае пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ў сувязі з «падатковым манеўрам» ды іншымі вонкавымі шокамі. Але і гэта не стане для ўлады крытычнай сітуацыяй — яна будзе пераадоленая. 

Ніякай буйной гульні Расіі ў сітуацыі выбараў не прадбачыцца

— Ці могуць на гэтую стабільнасць паўплываць замежныя чыннікі? Захад звычайна крытычна ставіўся да беларускай улады, падтрымліваў (палітычна і маральна) беларускую апазіцыю. Расія традыцыйна выкарыстоўвала выбары, каб патузаць, панерваваць Аляксандра Лукашэнку. Ці зменіцца гэты расклад на бліжэйшых выбарах? 

— Не бачу ніякіх падставаў, каб гэтыя гульцы зараз паводзілі сабе неяк па-іншаму. Ніякай буйной гульні Расіі ў сітуацыі выбараў не прадбачыцца. Я не думаю, што гэта тая сітуацыя, дзе Расія хацела б умяшацца, правакаваць нейкія народныя бунты. У Расіі тут вельмі абмежаваныя магчымасці, бо ў Беларусі няма моцных прарасійскіх сілаў і Лукашэнка, як ні круці, застаецца самым прарасійскім палітыкам у Беларусі.

Што да Захаду, то, як і раней, ад яго будзе пэўная падтрымка беларускай апазіцыі — маральная, інфармацыйная. І, магчыма, фінансавая. Але апазіцыя знаходзіцца ў такім стане, што яна не здолее скарыстацца з гэтай падтрымкі такім чынам, каб гэта паўплывала на выбары. Захад таксама зацікаўлены ў дэмакратызацыі выбараў, але паколькі гэтага не адбудзецца, то мы пабачым дастаткова мяккую крытыку з боку міжнародных назіральнікаў. То бок усё застанецца як і раней.

— Ці можна казаць, што ў сваёй цяперашняй сацыяльна-эканамічнай палітыцы Аляксандр Лукашэнка ўжо цяпер улічвае выбарчы аспект? Можна назваць і падвышэнне пенсіяў, падвышэнне заробкаў настаўнікам і медыкам, рост выдаткаў на «культуру», правядзенне ў Менску Еўрапейскіх гульняў.

— Натуральна, можна казаць, што ўсё гэта плануецца і будзе выкарыстана ў сувязі з выбарчай кампаніяй. Бо поўная канцэнтрацыя ў руках улады ўсіх інструментаў палітыкі, поўнае адзяржаўленне ўсіх інстытуцыяў дазваляе ўладзе выкарыстоўваць усё гэта на выбарах. Будзе задзейнічана ўсё, што магчыма.

— Ці можна сказаць што тэма «абароны незалежнасці» стане для Лукашэнкі адной з галоўных падчас гэтай выбарчай кампаніі? Ці, можа, пасля чарговай сустрэчы з Уладзімірам Пуціным кіраўнікі пра ўсё дамовяцца, і гэтая тэма «гаранта суверэнітэту» стане непатрэбнай? Што яму лепш у сэнсе выбарчай кампаніі — сітуацыя канфлікту ці міру з Расіяй?

— Я думаю, што любая палітыка з боку Расіі будзе канвертаваная ў пэўную прапаганду ўнутры Беларусі. І любая сітуацыя будзе выкарыстаная на карысць кампаніі ўлады. Жорсткая палітыка Расіі будзе выклікаць больш незалежніцкай рыторыкі; мяккая палітыка Масквы і сітуацыя, калі Лукашэнка дамовіцца з Пуціным, будзе скарыстаная для прапаганды дружбы і інтэграцыі.

І ў такім выпадку Лукашэнка будзе выглядаць ужо не абаронцам незалежнасці, а чалавекам, які ў стане дамаўляцца з моцным суседам і выкарыстоўваць магчымасці Расіі дзеля развіцця Беларусі. Так што так ці інакш адносіны з Расіяй не паўплываюць на агульны вынік кампаніі.

Для апазіцыі найлепшым варыянтам было б не падыгрываць уладзе ў сітуацыі выбарчага фарсу

— Сярод лідэраў апазіцыі традыцыйна ідуць дыскусіі, які фармат удзелу ў выбарах будзе аптымальным — адзіны кандыдат ці ўдзел рознымі калонамі. Па-вашаму, які варыянт найлепшы і які на сёння найбольш верагодны?

— З гледзішча палітычнай эфектыўнасці для апазіцыі найлепшым варыянтам было б не падыгрываць уладзе ў сітуацыі выбарчага фарсу і проста не ўдзельнічаць у выбарах ні ў якім выглядзе. Але апазіцыя цяпер не ў стане прымаць палітычныя рашэнні рацыянальнага характару. Хутчэй яна будзе рухацца ў стандартным коле тых стратэгій, якія былі выпрацаваныя раней. Таму, хутчэй за ўсё, будзе ўдзел розных кандыдатаў ад розных сілаў. Магчыма, частка з іх (напрыклад, правацэнтрысцкая кааліцыя) дамовяцца пра свайго адзінага кандыдата, але гэта не будзе ніяк уплываць на сэнс гэтай выбарчай кампаніі.

— Вы кажаце, што ўдзел — гэта не рацыянальнае рашэнне. А што апазіцыі дасць няўдзел у выбарах, якія перавагі і выгоды?

— Гэта было б дастаткова нечакана для гэтай улады. Ёй бы давялося вырашаць задачу мабілізацыі і стварэння канкурэнцыі на палітычным полі, імітацыі дэмакратычных выбараў. І апазіцыя не падыгрывала б уладзе ў гэтай кампаніі.

Апазіцыя ў гэты час магла б заняцца вырашэннем сутнасных праблемаў свайго характару. Гэта было б нейкім контрадзеяннем, якое магло б сабраць значна больш сімпатыяў з боку беларускага грамадства на баку апазіцыі, чым любыя формы ўдзелу.