Былы супрацоўнік Адміністрацыі прэзідэнта далучыўся да НАУ

Да створанага Паўлам Латушкам Народнага антыкрызіснага ўпраўлення далучыўся Арцём Праскаловіч, паведамляе тэлеграм-канал НАУ. Праскаловіч 14 гадоў працаваў на дзяржаўнай службе: у судзе Партызанскага раёна Мінска, Міністэрстве юстыцыі і Адміністрацыі прэзідэнта.

photo5914904509535071126.jpg

Апошнія 11 гадоў экс-чыноўнік прысвяціў працы з заканадаўствам па пытаннях канстытуцыйнага будаўніцтва і праваахоўнай дзейнасці. Адпаведныя сферы праваадносін ён будзе курыраваць і ў НАУ.
— Калі казаць пра глабальнае, то новай Беларусі спатрэбіцца новая Канстытуцыя, якая больш ніколі не дазволіць сканцэнтраваць усю ўладу ў руках аднаго чалавека, — упэўнены Праскаловіч. — Але Канстытуцыя — гэта нават не падмурак, гэта толькі архітэктурны праект. Таму наперадзе ў народа Беларусі шмат цяжкай, але нарэшце радаснай і напоўненай сэнсам працы. Вынікам яе стане новы цудоўны дом, у якім не будзе месца гвалту.
Увесь свет, нават беларускія дзяржслужачыя, міліцыя, следчыя, пракуроры і суддзі ведаюць, што ні адзін беларус не асуджаны законна. Усе разумеюць, што злачынствы здзяйсняюцца толькі асобамі, што захапілі сілай уладу, і іх памагатымі.
Але кожны беларус павінен разумець — сёння ніхто не ў бяспецы, нават калі ён на баку ўлады, вы выдатна ведаеце такія прыклады. І толькі ў нашых сілах зрабіць так, каб невінаватыя апынуліся на волі, а сапраўдныя злачынцы — за кратамі. Сіла ў праўдзе.
Жыве Беларусь!