Ці стане «Гавары праўду» партыяй?

12 лістапада ў Мінску прайшоў форум грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!». Удзел у ім прыняло каля 400 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Большасць прагаласавала за пачатак стварэння партыі «Гавары праўду!».

prauda_0708_1.jpg


Вызначаны тэрмін стварэння — паўтара-два гады.

Адзін з лідараў кампаніі Андрэй Дзмітрыеў кажа, што такое жаданне і насамрэч ёсць. Сёння кампанія “Гавары праўду” праводзіць Форум за мірныя перамены.

Сярод іншых пытанняў на павестцы дня было і такое — “неабходнасць трасфармацыі “Гавары праўду” ў палітычную партыю”.

Андрэй Дзмітрыеў распавёў “Радыё Рацыя”:

— Жаданне пераўтварыцца ў партыю ёсць, але з гэтай нагоды ёсць і некалькі пазіцый, таму пытанне мы вынеслі на абмеркаванне. На форуме сабраліся каля 400 чалавек з усёй Беларусі, таму няхай людзі выказваюць сваё стаўленне. З аднаго боку, мы гатовы да гэтага працэсу, а з іншага, безумоўна, заўсёды застаюцца пытанні, звязаныя, скажам так, са знешнім палітычным асяродкам у Беларусі, які пакуль што не вельмі добры для працы.

А навошта вам тады ўвогуле станавіцца партыяй, калі няма “добрага палітычнага асяродку” ў краіне?

— Зараз ужо ўсе кажуць пра змешаную сістэму, і ёсць інфармацыя, што менавіта па гэтай сістэме адбудуцца парламенцкія выбары 2020 года. У такім выпадку партыя проста неабходна. Гэта дазваляе ўдзельнічаць у палітычным жыцці.

Мяркуеце, што вашу партыю ўлады зарэгіструюць?

— Мяркую, гэта ні на што не ўплывае. Кампанія “Гавары праўду” таксама не зарэгістравана, але ж мы існуем і працуем. Дарэчы, зараз мы збіраемся шосты раз падаваць дакументы на рэгістрацыю пакуль што грамадскага аб’яднання “Гавары праўду”.


Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя