Ціханоўская прапанавала Нарвегіі і Эстоніі ініцыяваць новыя слуханні па Беларусі ў Радзе Бяспекі ААН

Святлана Ціханоўская прапанавала непастаянным чальцам Рады Бяспекі ААН Нарвегіі і Эстоніі ініцыяваць новыя слуханні па Беларусі ў Радзе Бяспекі. Прапанова прагучала падчас анлайн-сустрэчы з пасламі Нарвегіі, Швецыі, Фінляндыі, Даніі, Ісландыі, Нідэрландаў, Эстоніі, Латвіі і Канады па тэме перамоў для мірнага вырашэння крызісу.

photo_2021_03_26_19_18_34.jpg


Яна таксама абмеркавала з амбасадарамі магчымасць узмацнення кропкавых санкцый, прыняцце 4-га пакета санкцый ЕС і падтрымку беларускіх журналістаў, праваабаронцаў, студэнтаў, рабочых і малога бізнесу, які патрапіў пад рэпрэсіі, паведамляе REFORM.by са спасылкай на офіс Ціханоўскай.

Яна прапанавала ўзмацніць міжнародную платформу падсправаздачнасці для Беларусі (IAPB), якая займаецца зборам і захаваннем доказаў грубых парушэнняў правоў чалавека для міжнародных судоў.

Ціханоўская прапанавала МЗС Паўночных краін арганізаваць сустрэчы з удзелам беларускіх і міжнародных экспертаў у рамках папярэдніх кансультацый па падрыхтоўцы да перамоў з міжнароднай медыяцыяй, і падчас сустрэчы падзякавала Швецыі за прапанову выкарыстоўваць АБСЕ як галоўную пляцоўку для арганізацыі перамоў.