«У аперацыі па прымусе да дыялогу будуць удзельнічаць нават тыя, каму гэта зусім не падабаецца»

ТГ-канал «Лісты да дачкі» ў добрым публіцыстычным рэчышчы разважае наконт лёсу беларускай дыпламатыі і таго, чым могуць скончыцца абяцанні «пусціць фонды пад нож».

d7d12a0c3a6a5dce0b4e29ba71a4a702.jpg


Здаецца, гэтая дыпламатыя зламалася, а новай не прынясуць. Таму што, шантажаваць Захад пагрозай пазакрываць беларускія пасольствы можна толькі ад поўнага адчаю, калі шантажаваць ужо больш няма чым.

Тыпу: калі будзеце абзывацца, я забяру цацкі і не буду з вамі гуляць. Але, ад такой пагрозы можа быць карысць, калі твае цацкі некаму цікавыя. А калі ніхто і так не хоча гуляць, дык сыходзь сабе на здароўе. Нават калі па-сапраўднаму закрыць амбасады, супраць санкцый гэта не дапаможа. (хаця, трэба прызнаць, што ад працоўных пасольстваў у сэнсе дыпламатыі і знешняй палітыкі таксама не занадта шмат карысці).

Напэўна, у выдатным свеце ілюзій, у якім жывуць беларускія ўлады, нехта выглядаў учора як сэр Уінстан Чэрчыль падчас фултанскай прамовы. Але ў рэальным свеце словы пра аптымізацыю пасольстваў — гэта прызнанне татальнага паражэння на ўсіх знешнепалітычных франтах. Такі сігнал да ўсеагульнага адступлення, калі зраненыя ў баях за легітымнасць дыпламаты адпаўзаюць ў глыбокі тыл.

Вось раней мы з табой гаварылі пра знешнепалітычны крызіс, а цяпер — усё. Зараз гэта ўжо не крызіс. Гэта цяпер разгром. Ніякай знешняй палітыкі і дыпламатыі ў беларускіх уладаў не засталося. Гаварыць з імі не хочуць (ну, акрамя адной, для ўсіх цікавай тэмы), ранейшыя інструменты зламаліся, а палохаць больш няма чым. Чым маглі — тым ужо палохалі.

Таму што, вось ты сказаў пра апошнюю кроплю, якая перапоўніла чашу цярпення ў адносінах да Польшчы, і што? Пасля слоў пра апошнюю кроплю трэба ж нешта зрабіць. Па-пацанску. А што ты зробіш? Ну, акрамя таго, што будзеш «больш актыўна прасоўваць тэмы пераследу беларусаў у міжваенны і пасляваенны перыяд».

У беларускіх уладаў, праўда, заўсёды ёсць вечная опцыя — бамбіць Варонеж. Паколькі кропкавыя бамбардзіроўкі не дапамаглі, мяркуецца перайсці да дывановых. Выразаць курсы замежных моў, разам са скаўтамі. Мабыць, гэта такі спосаб прыкрыць адступленне беларускай дыпламатыі на загадзя падрыхтаваныя пазіцыі. Але, як паказаў вопыт з Польшчай, бамбіць Варонеж ў бягучым становішчы беларускім уладам пагражае не перамовамі, а ўсялякімі непрыемнымі наступствамі.

Патрапіць пад бомбы які-небудзь фонд са скандынаўскімі каранямі і Yara, нават калі раптам вельмі захоча, ніякіх кантрактаў падпісаць не зможа. А ён патрапіць. Не са скандынаўскімі, дык з брытанскімі каранямі. Не пацерпіць беларускі калій, дык пацерпяць бензін з мазутам. Таму што «красаўцы» ні ў чым сабе адмаўляць не прывыклі, а спыняцца не ўмеюць. А задумвацца над усялякімі абстрактнымі паняццямі накшталт інтарэсаў краіны іх не вучылі.

Вось глядзі: яшчэ пару-тройку месяцаў таму былі людзі, якія думалі, што з беларускімі ўладамі можна пра нешта дамовіцца. Павырашаць пытанні да ўзаемнага задавальнення. Ну, як Фазель з чэмпіянатам свету, або арганізатары Еўрабачання. Але беларускія ўлады дамагліся такіх уразлівых поспехаў, што зараз нават пастаяць з імі побач небяспечна для рэпутацыі, палітычных перспектыў і здаровага сэнсу. І вось Украіна кажа, што Мінск страціў статус перамоўнай пляцоўкі па Данбасе, а Львоў адмаўляецца ад куплі беларускіх аўтобусаў, нягледзячы на зніжкі і бонусы. Ну няма ў беларускіх уладаў столькі бонусаў!

І гэта азначае, на самой справе, простую рэч — у аперацыі па прымусе да дыялогу ўрэшце будуць удзельнічаць нават тыя, каму гэта зусім не падабаецца. Нават тыя, хто можа і не хацеў бы нікога ні да чаго прымушаць. І прымушаць будуць не толькі санкцыямі, але яшчэ і сарванымі кантрактамі, страчанымі кліентамі, арыштаванымі на мяжы фурамі з цыгарэтамі. Таму што своеасаблівасць палітыкі беларускіх уладаў ужо нікому не пакідае выбару.