Ціханоўская разнесла УНС і нагадала пра стратэгію перамогі беларусаў

«Я не хачу гэта слухаць», — заявіла экс-кандыдатка ў прэзідэнты, каментуючы лукашэнкаўскі Усебеларускі народны сход.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


«За апошнія два дні ўсе нашы засцярогі спраўдзіліся. Лукашэнка паказаў, якой будзе Беларусь пры ім. Гэта страшны крызіс. Татальная ізаляцыя. Крах эканомікі. І, як вынік, пагроза суверэнітэту. Але ці вырашыў гэты наменклатурны сход хоць адну з нашых праблем? Не.
І таму я не хачу гэта слухаць. Мая каманда распрацавала стратэгію перамогі беларусаў. Яна ўключае кожнага з вас», — сказала Ціханоўская ў відэазвароце.
Нагадаем, стратэгія прадстаўлена на сайце belarusvision.org. У прыватнасці, у ёй распісаныя прапановы дзеянняў для беларусаў, якія можна рабіць ужо цяпер. Таксама там падаецца аналіз існуючай сітуацыі, даюцца адказы на пытанні, чаму пратэст усё яшчэ не перамог і што ўпусцілі прыхільнікі перамен. Апроч таго, распавядаецца пра формы салідарнасці і міжнародную падтрымку беларусаў.
У сакавіку каманда Ціханоўскай абяцае прадставіць сайт, дзе ўся стратэгія будзе раскладзеная па задачах.
«Кожны беларус зможа абраць сваю і далучыцца, назіраючы за прагрэсам выканання гэтай задачы. І кожны беларус зможа дадаць свой уласны праект або акцыю ў межах гэтай стратэгіі і знайсці сабе каманду», — сказана на сайце.