Ціханоўская ў Люксембургу: Беларусь аб'ядноўвае ўсю Еўропу

Проста цяпер у Люксембургу праходзіць Савет замежных спраў ЕС. Напярэдадні Святлана Ціханоўская правяла перамовы з кіраўнікамі МЗС Люксембурга, Бельгіі і Славеніі і агучыла сваю пазіцыю па сітуацыі ў Беларусі.

photo_2021_02_22_15_50_35_1.jpg

Як паведамляе прэс-служба Святланы Ціханоўскай, сустрэчы прайшлі ў Люксембургу ў нядзелю ўвечары. Ціханоўская падзякавала міністрам за адзіную, выразную і моцную пазіцыю ў дачыненні да рэжыму і за тое, што ўсе 27 краін ЕС падтрымалі 4-ы пакет санкцый.
Ціханоўская падзякавала міністру замежных спраў Люксембурга Жану Асельборну за непрызнанне Лукашэнкі і адмову пасла ўручаць яму даверчую грамату. У сваю чаргу, міністр запэўніў Ціханоўскую ў адназначнай падтрымцы беларусаў і ўсёабдымнага «Плана эканамічнай дапамогі Беларусі».
У размове з міністрам замежных спраў Бельгіі Сафі Вільмес Ціханоўская ўзняла пытанне больш эфектыўных санкцый, максімальнага ціску на «кашалькоў» рэжыму і далейшых крокаў пасля Савета міністраў замежных спраў Еўрасаюза.
Кіраўніка МЗС Славеніі Анжэ Лагар Ціханоўская заклікала паставіць Беларусь на парадак дня ў ЕС, «бо дэмакратыя ў Беларусі можа стаць агульнай гісторыяй поспеху ЕС». Таксама яны абмеркавалі ўдзел Беларусі ў саміце Усходняга партнёрства — Беларусь могуць прадстаўляць дэмакратычныя сілы.
Ціханоўская: «Беларусь аб'ядноўвае саміх беларусаў і ўсю Еўропу. Усе 27 краін ЕС у адзін голас гавораць, што трэба вызваліць палітвязняў і правесці свабодныя выбары. Я рада, што ў нас столькі сяброў».
Сёння Святлана Ціханоўская выступіць перад міністрамі замежных спраў ЕС са зваротам.
Перад пачаткам сённяшняга пасяджэння Ціханоўская нефармальна пагутарыла з міністрамі замежных спраў Іспаніі, Даніі, Польшчы, Швецыі і Славакіі, а таксама з Жазепам Барэлем, які запэўніў яе ў сваёй падтрымцы.
У падтрымку Ціханоўскай выступілі прадстаўнікі Партугаліі, Славеніі, Славакіі і еўракамісар Олівер Варгелій. Таксама ў падтрымку выступілі Балгарыя, Літва і Грэцыя. Ціханоўская адзначыла, што зараз асабліва важна падтрымаць людзей менавіта ў Беларусі — страйкамы, рабочых, журналістаў. Дыскусія працягваецца, палітыкі пытаюцца, чым могуць дапамагчы Беларусі.