Чалы: З Лукашэнкам Беларусь акажацца за сцяной, якая падзяляе Святую Рымскую імперыю і Мордар

Сяргей Чалы адзначыў, што Лукашэнка ператварае Беларусь у новую Малдову.

czaly_1.jpg

Субрэгіянальная інтэграцыя ў Еўропе або Мордар — складаны выбар беларусаў, або Навошта клікаць дзікуна на вячэру з каралевай.

Даўгавечнасць рэжыму Лукашэнкі залежыць ад наяўнасці рэсурсаў, лічыць аналітык Сяргей Чалы.

— Кадравы голад мы бачым ужо цяпер. Раптам высветлілася, што чыноўнікі ў пагонах нічога не ўмеюць, — адзначыў аналітык. — Яны думалі, што прыйдуць і будуць кантраляваць, як звычайна гэта рабілі, але тут высветлілася, што трэба працаваць.

А ўрад у нас сёння — гэта фактычна цалкам урад ваенных людзей. Яны ўмеюць бадзёра цокаць абцасамі, казаць «ёсць!» свайму начальству і аддаваць каманды падначаленым, але, як аказалася, рэальна рабіць нічога не ўмеюць.

Акрамя гэтага, востра паўстала матэрыяльна-грашовае пытанне. Ужо зразумела, што ручаёк імкліва мялее. І што тут зробіш? Стратэгія Лукашэнкі — пачаць казаць, маўляў, давайце знізім чаканні, наогул і так можна жыць, не вельмі добра жылі — няма чаго і пачынаць, не трэба мяса часта есці і г. д.

Яго стратэгія вядзе да паступовага ператварэння Беларусі з перадавой тэхналагічнай краіны ў такую новую Малдову, адкуль з'ехалі ўсе канкурэнтаздольныя кадры, а тыя, што засталіся, сілкуюцца на дачах і атрымліваюць грашовыя пераводы (хоць для нас і гэта ўжо вялікая праблема з-за санкцый). Ну, і ўзровень жыцця там адпаведны. Ці пагодзяцца беларусы з такім?

Аналітык мяркуе, што Беларусь будзе адчуваць сябе камфортна і ўпэўнена ў складзе Балта-Чарнаморскага саюза.

— Але з Лукашэнкам нам наўрад ці ўдасца стаць часткай гэтага саюза. Я думаю, што з Лукашэнкам мы апынемся для ўсяго астатняга свету па той бок сцяны, якая падзяляе Святую Рымскую імперыю і Мордар. Больш за тое, Лукашэнка сам хоча менавіта туды.

Яму там псіхалагічна значна камфортней, няхай нават бядней і горш, але больш зразумела. Ён дагэтуль верыць, што ў нас ёсць МАЗ, Інтэграл і г. д. Ён сказаў Пуціну, што, нарэшце, дзякуючы санкцыям мы прыйшлі да такога ўзроўню эканамічнай інтэграцыі, да якога заўсёды імкнуліся.

Нарэшце, мы разлічваемся цвёрдым коштам за газ, у нас адсутнічаюць унутраныя бар'еры, ёсць усялякія адтэрміноўкі і рэструктурызацыя замежнай запазычанасці перад Расіяй. Гэта значыць, для яго ўсё выдатна і зручна.

А з Захадам усё незразумела: нейкія палітвязні, дэмакратыя. Ён гэтага не разумее, гэта чужы свет для яго. І праблема ў тым, што так было з самага пачатку, нягледзячы на спробы Захаду наладзіць з ім адносіны.

Гэта была ілюзія Захаду, калі яны спрабавалі яго запрашаць кудысьці. І там жа не так шмат ад яго патрабавалася. Гэта прыкладна, як запрасіць дзікуна на званы абед да каралевы: не смаркаецца ў абрус — і добра. А там, думаюць яны, паглядзіць, як гэта ўсё ў нас і, магчыма, паступова... а вось не! Высветлілася, што Лукашэнку гэта ўсё не трэба.

Для яго прыемней самадзяржаўе, выканальніцкая дысцыпліна і г. д. Якія правы чалавека? Правы чалавека павінны быць, каб хлебушак быў, мяса трошкі па выхадных, а ад дэмакратыі толькі адны беды. Ён яе не разумее, у яго абсалютна іншая карціна свету.

Таму з Лукашэнкам стаць часткай Балта-Чарнаморскага саюза не атрымаецца, хоць, вядома ж, наша месца там. Відавочна, што Беларусь знаходзіцца на скрыжаванні ўсіх маршрутаў гэтага саюза.

І цяпер субрэгіянальная інтэграцыя — якраз самая актуальная тэма ў Еўропе, — сказаў Чалы.

Паводле gazetaby.com