Чаму ЗША адпрацоўвалі вучэбны ядзерны ўдар па Беларусі?

«Беларусь у выпадку вядзення ваенных дзеянняў прыме на сваю тэрыторыю падмацаванні расійскіх войскаў», — нагадвае вайсковы эксперт Аляксандр Алесін у каментары «Свабодзе».

fe1372cb_a82b_4fea_ada9_c0fb69f38cc4_w1023_r1_s.jpg

Падчас манеўраў, якія прайшлі ў ЗША ў час прэзідэнцтва Барака Абамы, адпрацоўваўся ўмоўны ядзерны ўдар па тэрыторыі Беларусі. Пра гэта стала вядома на нядаўнім брыфінгу ў Міністэрстве абароны ЗША, які прайшоў у Пентагоне.

Пра брыфінг расказала мараканскае выданне Slate. Паводле сцэнару манеўраў, першай удар па цэлі NATO ў адной з краінаў Балтыі нанесла Расія, на што ЗША адрэагавалі запускам некалькіх адзінак ядзернай зброі па тэрыторыі Беларусі. Пры гэтым адзначаецца, што ўзброеныя сілы Беларусі не ўдзельнічалі ва ўдары Расіі па аб’ектах NATO. Ці такое магчыма?

Незалежны вайсковы эксперт Аляксандр Алесін мяркуе, што і ў ваенных планах NATO, і Расіі прадугледжаны такі сцэнар, калі адказам на агрэсію аднаго боку ёсць удар тактычнай ядзернай зброяй па тэрыторыі ворага. Тое, што Беларусь сама можа і не ўдзельнічаць ў першым удары, не гарантуе, што на яе не нападуць сілы NATO, лічыць Аляксандр Алесін.

Аляксандр Алесін, архіўнае фота www.svaboda.org

Аляксандр Алесін, архіўнае фота www.svaboda.org


«Беларусь у выпадку вядзення ваенных дзеянняў прыме на сваю тэрыторыю падмацаванні расійскіх войскаў, бо ёсць адзіная групоўка сухапутных войскаў, — зазначыў эксперт. — А Беларусь мае большую, чым хто, сухапутную мяжу з NATO — праз нас ні тыя, ні гэтыя не пераскочаць. Тут будзе раён для канцэнтрацыі войскаў для ўдару. Адпаведна, NATO прадугледжвае прэвентыўны ядзерны ўдар па гэтых сілах. Гэта на выпадак, калі праціўнік мае вялікую перавагу, а ў іх няма часу і сілаў сканцэнтраваць удар у адказ звычайнай зброяй».

Паводле Алесіна, у вайсковых статутах Расіі таксама прадугледжана магчымасць выкарыстання тактычнай ядзернай зброі «ў выпадку пагрозы краіне».

«У Расіі шмат носьбітаў такой зброі, — расказвае ён. — Гэта і ракеты «Іскандэр», і ракеты на падводных лодках, і міны, і артылерыйскія снарады. Пры новым абвастрэнні адносін паміж Расіяй і NATO ўся гэтая зброя, якая можа несці ядзерныя зарады і стаіць на ўзбраенні, можа быць выкарыстаная. У любым выпадку, пры такім канфлікце закладнікамі становяцца не толькі Беларусь, але і Польшча ды краіны Балтыі. Яны таксама могуць проста «згарэць» у імгненне пры такім канфлікце».

www.svaboda.org