Чым вядомы новы галоўны ідэолаг Пярцоў
Апошнія тры гады Уладзімір Пярцоў быў міністрам інфармацыі, а цяпер пайшоў на павышэнне. Яго папярэднік Ігар Луцкі перайшоў на працу ў Савет Рэспублікі. «Наша Ніва» расказвае, што вядома пра Пярцова.
Пры Пярцове адбыўся поўны разгром незалежных медыя
Пярцоў стаў міністрам інфармацыі ў красавіку 2021 года. Фармальна менавіта пры ім адбыўся поўны разгром незалежных медыя — былі закрытыя Tut.by, «Наша Ніва», БелаПАН і іншыя СМІ. Быў «нармалізаваны» Анлайнер.
Але застаецца вялікае пытанне, ці абраны рэпрэсіўны курс быў персанальнай ініцыятывай Пярцова.
Рэч у тым, што адначасова з прызначэннем Пярцова на пасаду міністра пайшоў на павышэнне яго папярэднік Ігар Луцкі, які стаў намеснікам па ідэалогіі кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.
І калі Пярцоў у першыя дні працы міністрам акуратна казаў, што ў Беларусі заўсёды былі і будуць апазіцыйныя СМІ, Луцкі ўпэўнена перайшоў да тэрору ў адносінах журналістаў і рэдактараў.
Цяпер гісторыя-2021 паўтараецца — міністр інфармацыі пераходзіць у крэсла ў Адміністрацыі прэзідэнта і зможа (прынамсі пры жаданні) уплываць на медыяпрастору. Якія планы ў Пярцова і ці пакінуць яму нейкую свабоду дзеяння, будзе зразумела бліжэйшым часам.
Дзесяць гадоў на чале «Міра»
Самы працяглая прыступка ў кар'еры ў Пярцова — дзесяцігадовая праца дырэктарам прадстаўніцтва тэлеканала «Мір» у Беларусі. Ён займаў гэтую няпыльную пасаду з 2010 да 2021, атрымаўшы яе адразу пасля ўдалага шлюбу.
Жонка Пярцова — тэлевядучая Юлія Пярцова, дачка Аляксандра Радзькова. Блізкі да Лукашэнкі чыноўнік быў міністрам адукацыі, працаваў намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, а пасля ўзначальваў «Белую Русь».
Пры Пярцове «Мір» не дэманстраваў ніякіх поспехаў. Хоць тэлеканал і трапіў у «сацыяльны спіс», а значыць, быў даступны кожнаму гледачу ў Беларусі, яго рэйтынгі заставаліся мізэрнымі.
Зрэшты, калі на месца Пярцова ў «Мір» прыйшла Вольга Шпілеўская, сітуацыя не змянілася.
Няўдалы досвед у тэлеэфіры
Уладзімір Пярцоў нарадзіўся ў Віцебску ў 1974 годзе. Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта.
У 1990-я ён працаваў у мясцовым Палацы культуры і тэхнікі прафсаюзаў, быў вядучым дыскатэк. Быў сярод стваральнікаў радыёстанцыі «Віцебск». Непрацяглы час працаваў у Расіі, але пасля вярнуўся ў Беларусь.
Пярцоў спрабаваў зрабіць у Мінску кар'еру тэлевядучага, трапіў нават у «Добрай раніцы, Беларусь!», але нешта пайшло не так. Тагачасны кіраўнік БТ Ягор Рыбакоў прызнаваўся, што дуэт Пярцова і Таццяны Сулімавай недастаткова дынамічны для ранішняга эфіру. «У вобразе вядучых прысутнічала нешта, што закалыхвае публіку», — казаў ён.
Пасля Пярцоў узначаліў Гродзенскую абласную тэлерадыёкампанію, пакуль не атрымаў запрашэнне ў «Мір».