Дэпутат Сейма Польшчы: «Дыктатура разумее толькі мову сілы»

«Калі Польшча альбо нашы партнёры (...) не пакажуць сваёй рашучасці, то чарговым крокам могуць быць выкраданні беларускіх апазіцыянераў з тэрыторыі Польшчы».

70d6ddb4d9ee00c8609700c66f3ca3f545a07321_1.jpg

Дэпутат Сейма Польшчы ад кансерватыўнай партыйнай кааліцыі «Канфедэрацыя» і былы кандыдат у прэзідэнты Польшчы Кшыштаф Босак сказаў у інтэрв’ю «Польскаму радыё», што закрыццё паветранай прасторы для беларускіх самалётаў — гэта адпаведны крок Еўрасаюза. Парламентарый звярнуў увагу на тое, што ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі неабходныя рашучыя крокі.
— Дыктатура разумее толькі мову сілы. Калі Польшча альбо нашы партнёры па ЕС ці НАТА не пакажуць сваёй рашучасці, то чарговым крокам могуць быць выкраданні беларускіх апазіцыянераў з тэрыторыі Польшчы. І што мы тады зробім?
Еўрасаюз апоўначы з серады на чацвер закрыў паветраную прастору для самалётаў, зарэгістраваных у Беларусі. Згаданы крок — гэта рэакцыя Бруселя на гвалтоўны захоп самалёта авіякампаніі «Ryanair». Нагадаем, у нядзелю рэжымныя службы прымусілі пасажырскі самалёт, які следаваў з Афін у Вільню, здзейсніць пасадку ў Мінску. Як пазней аказалася, на борце лайнера быў беларускі апазіцыйны блогер Раман Пратасевіч.

www.polskieradio.pl