Дэпутатка Бундэстагу дапусціла санкцыі супраць Беларусі і адмену візавага пагаднення, калі выбары будуць несумленныя

Сябра нямецка-беларускай парламенцкай групы Маргарэт Баўзэ пракаментавала для DW сітуацыю ў Беларусі перад выбарамі прэзідэнта і запатрабавала неадкладнага вызвалення палітвязняў, паведамляе Радыё Свабода.

bause.jpg

З 1 ліпеня Нямеччына на паўгоду ўзначаліла Раду Еўрапейскага звязу. Баўзэ заявіла ў інтэрв'ю «Нямецкай хвалі», што галоўнае, чаго дамагаецца Нямеччына і Еўразвяз – свабодныя і сумленныя выбары, вызваленне палітвязняў, і допуск незалежных назіральнікаў ад АБСЭ.
«Калі ўсе гэтыя патрабаванні ня будуць выкананыя, трэба будзе задумацца аб адмене візавага пагаднення, а таксама, верагодна, і аб увядзенні санкцый».
Яна выказала думку, што масавае непрызнанне подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў зʼяўляецца механізмам з боку Лукашэнкі, накіраваным на тое, каб выбары не прайшлі сумленна і свабодна.
На пытанне, чаму Лукашэнка нэрвуецца напярэдадні выбараў, сябра нямецка-беларускай парламенцкай групы адказала:
«Таму што ён бачыць, што страціў падтрымку насельніцтва. І ён пачынае дзейнічаць больш аўтарытарна, больш агрэсіўна, ён спрабуе здушыць любую дэмакратычную канкурэнцыю. І мы ведаем з досведу іншых аўтарытарных рэжымаў, чым слабейшая падтрымка, тым больш агрэсіўна яны сябе паводзяць. Гэта проста прыкмета таго, што эра Лукашэнкі даўно скончылася. І тым важнейшая падтрымка дэмакратычным сілам краіны з боку ЕЗ».
У лютым Маргарэт Баўзэ наведала Мінск. Яна сустракалася з праваабаронцамі і з прадстаўнікамі апазыцыі.