Дом без гаспадароў
Днямі мне пашчасціла назіраць пралёт гусей над цэнтрам Мінска. Але ці можна ў гэтай падзеі ўбачыць сімвалічны сэнс? Не ўпэўнены. Уся ўвага сёння прыцягнутая да іншага біялагічнага віду з атрада гусепадобных — лебедзяў, прычым выключна з чорнымі пёрамі.
Чорны лебедзь з падачы амерыканскага пісьменніка і статыстыка Насіма Талеба даў імя тэорыі, якая разглядае рэдкія падзеі, што складана спрагназаваць, аднак якія спараджаюць значныя наступствы (як правіла, негатыўныя). Чорны лебедзь — гэта сучасны аналаг белага і пухнатага паўночнага звярка з застойных брэжнеўскіх часоў.
Здавалася, гэта ганарлівая птушка, якая добра павесялілася на родных вадаёмах на мяжы 1980–1990-х гадоў мінулага стагоддзя, назаўсёды пакінула ў спакоі Сінявокую. Краіну накрыла стабільнасць. Накрыла нібы тазам — настолькі шчыльна, што адзін выбітны розум, не пазбаўлены ўяўлення, загаварыў пра Беларусь як пра донара еўрапейскай стабільнасці.
Варта прызнаць, што гэтаму розуму на працягу многіх гадоў неаднаразова шанцавала. Ён прыйшоў ва ўладу, калі эканоміка адштурхнулася ад дна, дасягнутага ў выніку калапсу савецкай мадэлі (глядзі табліцу). Натуральна, змену трэнду дзяржаўная прапаганда патлумачыла выбітнай здольнасцю розуму несці сінявокую краіну перад сабой, «як маленькае дзіця». Сам розум наконт такога тлумачэння, натуральна, не пярэчыў.
Крыху эканамічнай статыстыкі. Рэкамендую звярнуць увагу на паказчык 1997 года, калі рэкордныя 111,4% былі атрыманыя насуперак запланаваным 105%. Як правіла, па факце атрымліваецца менш. Напрыклад, у 2013 годзе фактычныя тэмпы прыросту эканомікі адсталі ад запланаваных амаль на парадак: 0,9% замест 8,5%. Якая ж прычына таго, што так істотна былі падкарэктаваныя планы ўрада ў станоўчы бок у 1997 годзе?
Усю адказнасць варта ўскласці на аднаўленчы рост. Ён «прыходзіць нечакана, як падарунак» (Ягор Гайдар), але працягваецца нядоўга. Аднаўленчы рост — гэта рост за кошт магутнасцяў, якія вызваліліся падчас дасягнення дна: кадры не разбегліся, станкі не распрададзеныя, камплектуючыя не раскралі, а ўнутраны рынак не паспелі акупаваць замежныя канкурэнты.
Аднак доўга аднаўленчае шчасце працягвацца не здольнае, што і пацвердзіла практыка. Да канца 1990-х гадоў тэмпы эканамічнага росту перайшлі з галопу на рысь. З далейшай транспарціроўкай Сінявокай на выцягнутых руках «як маленькага дзіцяці» павінны былі наступіць праблемы. Аднак яны не надышлі. Чорны лебедзь не прыляцеў.
Рост на фоне дэградацыі
За дзясятыя гады новага стагоддзя сярэднегадавы індэкс экспарту склаў 116,6%. Няўдалым стаў толькі 2009 год (67,2%). Экспарт тавараў у краіны Еўрасаюза з 2000-га па 2010-ы вырас у 3,6 разу. Ведай нашых! Нервова скуголілі ўбаку тыгры Паўднёва-ўсходняй Азіі…
Такі поспех, як нескладана здагадацца, адзіны палітык (АП) прадставіў у якасці доказу правільнасці курсу. Мы, маўляў, у адрозненне ад нашых суседзяў, не сталі слухаць дактароў з МВФ і не пайшлі на беспадстаўную прыватызацыю. Мы захавалі прамысловыя прадпрыемствы і працоўныя калектывы. Мы, мы, мы...
Чалавеку ўласціва карыстацца добрай рэпутацыяй у самога сябе. АП у гэтым сэнсе не з’яўляецца выключэннем. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што рост ВУП ён паставіў сабе ў заслугу, а дэградацыю савецкай прамысловай спадчыны палічыў за лепшае не заўважаць.
Між тым парадаксальнае, на першы погляд, спалучэнне росту і дэградацыі наглядна пацвярджае афіцыйная статыстыка: з 2000-га па 2010-ы працэнт мінеральных прадуктаў, аснову якіх складалі вырабленыя з расійскай нафты бензін, салярка, мазут і змазачныя масла, у беларускім экспарце павялічыўся з 20,2% да 35,5% пры адначасовым скарачэнні долі машын, абсталявання і транспартных сродкаў з 25,2% да 19,7%.
Але калі фізічны аб’ём экспарту мінеральных прадуктаў за названы перыяд вырас у 1,4 разу, то ў вартасным — у 4,8 разу! За гэта варта быць удзячным росту сусветных цэнаў на нафту! Гэтымі «нажніцамі» і тлумачыцца «сытасць» нулявых гадоў для беларускай мадэлі.
Сцвярджаць, што АП да поспеху сваёй мадэлі не меў ніякага дачынення, азначала б зграшыць супраць ісціны. Яго асабісты ўклад у палітыку «нафта ў абмен на пацалункі» быў істотным, калі не вырашальным. Аднак такі абмен, як ніякі іншы фактар, і паспрыяў дэградацыі вытворчасцяў, што дасталіся ў спадчыну ад савецкага «зборачнага цэху».
Высокія цэны на нафту і нафтапрадукты адышлі — і стала відавочным тое, што на працягу дзесяцігоддзя паспяхова хавала дзяржаўная прапаганда: за чвэрць стагоддзя пад кіраўніцтвам АП у Беларусі так і не ўдалося стварыць здольную да самаразвіцця эканамічную мадэль. Без датацыйнага падсілкоўвання з боку Расіі яна не выжыве.
Менш за працэнт
Гэтыя простыя высновы ляжаць на паверхні, аднак яны, тым не менш, не аказалі ніякага ўплыву на абраны чвэрць стагоддзя таму эканамічны курс. Для таго, каб у гэтым пераканацца, дастаткова звярнуцца да любога прэс-рэлізу, размешчанага на сайце АП.
9 сакавіка, напрыклад, ён правёў нараду з кіраўніцтвам Савета Міністраў. Сярод разгледжаных дакументаў — «праекты ўказаў аб дадатковым стымуляванні мясцовых органаў улады, аб прапановах па ўдасканаленні працэдуры банкруцтва і абароне правоў работнікаў, аб дзяржнаглядзе за тэхнічным станам трактароў і іншай тэхнікі, аб дэпазітнай сістэме абарачэння спажывецкай упакоўкі і стымуляванні выкарыстання электрамабіляў».
Цікава, пагадзіцеся! На сусветных рынках — паніка, цэны на ўсе віды сыравіны пікіруюць, сярэдні заробак у доларавым эквіваленце ў Беларусі сціскаецца, нібы шчыгрынавая скура, а кіраўнік дзяржавы знаходзіць час разважаць пра дарагую тэхніку, якую ў гаспадарках пасля двух гадоў эксплуатацыі «кідаюць пад плотам як металалом».
Але ж самае цікавае — АП ведае, што «там, дзе рынак спрацаваў, у прыватніка, яго правяраць не трэба. <...> Не трэба ісці і глядзець, як ён там паставіў тэхніку, як даглядае за ёй: гэта яго асабістая ўласнасць, ён ведае, як з ёй абыходзіцца».
Далей ідзе выснова, якую варта напісаць залатымі літарамі: «Але колькі ў нас такіх гаспадароў? Напэўна, менш за працэнт (вылучана. — Рэд.). А астатнія будуць хадзіць з працягнутай рукой і прасіць: дайце грошай, каб набыць трактар, таму што пасеяць няма чым. А гэта ўпіраецца ў харчовую бяспеку нашай дзяржавы і велізарныя аб’ёмы экспарту».
Дзяржава, у якой 99 працэнтаў працаўнікоў сельскай гаспадаркі ходзяць з працягнутай рукой — вось такі вынік руху правільным курсам на працягу чвэрці стагоддзя! Тут не пра харчовую бяспеку думаць трэба. Калі так пойдзе і далей, то вяртанне па вясне любога шпака або берасцянкі будзе здольнае справакаваць эфект чорнага лебедзя. На коне незалежнасць і суверэнітэт. Дажыліся!
Хто каго інфармуе
За што змагаліся, на тое і нарваліся. Не магу ўтрымацца, каб не прывесці яшчэ адзін прыклад з сакавіцкага прэс-рэлізу. 7 сакавіка АП сустрэўся са старшынёй канцэрна «Белнафтахім» Андрэем Рыбаковым і намеснікам прэм’ер-міністра Юрыем Назаравым. Далей цытата: «Да мяне паступіў шэраг прапаноў па пастаўках нафты і перапрацоўцы ў Беларусі. Цяпер такіх прапаноў ужо, дзякуй Богу, нямала. Я хачу з вамі ўзгадніць некаторыя пытанні. І параіцца, якім чынам нам лепш паступіць, што больш эканамічна выгадна».
Алгарытм развіцця падзей у нас адзін — што з нафтай, што з трактарамі. Звярніце ўвагу, хто каго інфармуе з нагоды паступлення прапановаў па пастаўках нафты і яе перапрацоўцы ў Беларусі і хто з кім узгадняе практычныя пытанні.
Здавалася б, самымі інфармаванымі людзьмі ў пытаннях пастаўкі нафты, а ўжо тым больш у пытаннях яе перапрацоўкі, павінныя быць старшыня канцэрна «Белнафтахім» і намеснік прэм’ер-міністра, які курыруе гэты напрамак. На практыцы, аднак, усё адбываецца з дакладнасцю да наадварот. Уся неабходная для функцыянавання эканомікі інфармацыя, абыходзячы непасрэдных выканаўцаў, паступае ў Палац Незалежнасці, а адтуль дазаванымі порцыямі размяркоўваецца па кіраўнічай вертыкалі.
Як ужо было адзначана вышэй, гаспадароў сярод аграрыяў у Беларусі — «менш за працэнт». Якая ж тады колькасць гаспадароў у прамысловасці (гаворка, зразумела, ідзе пра дзяржаўны сектар)?
* * *
У юнацтве я прачытаў раман нямецкага пісьменніка Генрыха Бёля «Дом без гаспадара». Раман напісаны ад асобы хлопчыка, якому выпала шчасце жыць у пасляваенныя гады ў сям’і без бацькі. Сям’ю не варта блытаць з краінай. Розніца тут хутчэй якасная, чым колькасная, і таму наяўнасць аднаго гаспадара ў краіне азначае адначасова адсутнасць мільёнаў гаспадароў.