«Двойчы не паўтараю»: міністр абароны Раўкоў жорстка адказаў Статкевічу

Міністр абароны Андрэй Раўкоў жорстка адказаў Мікалаю Статкевічу з нагоды яго чарговага звароту ў Мінабароны.

raukou161215_f9ug5.jpg


У навіне пад назвай «У сувязі з чарговым мэтанакіравана зваротам, які скажае рэчаіснасць, грамадзяніна Статкевіча размяшчаем адказ кіраўніка ваеннага ведамства
«М. Статкевічу. Калі вы не згодныя з Міністрам абароны — гэта вашы праблемы. Двойчы — не паўтараю. А. Раўкоў».
Як паведамлялася ўчора, Ваенная камісія Беларускага нацыянальнага кангрэса (БНК) падрыхтавала для Міністэрства абароны прапановы аб павышэнні гатоўнасці арміі да супрацьстаяння знешняй агрэсіі, паведаміў БелаПАН кіраўнік камісіі Мікалай Статкевіч.
Кангрэс прапанаваў «вызначыць галоўным патрабаваннем для вайскоўцаў пры атэстацыях і прызначэннях на вышэйшыя пасады іх гатоўнасць абараняць дзяржаўную незалежнасць Беларусі ад пагроз з усіх без выключэння кірункаў». Прапанавана таксама павысіць выдаткі на абарону да ўзроўню не меншага за 2% ВУП, а зарплату прафесійным вайскоўцам — да ўзроўню, які б забяспечваў даход на кожнага члена сям'і ў памеры не меншым за мінімальны спажывецкі бюджэт.
Беларускі нацыянальны кангрэс лічыць неабходным рэалізаваць канцэпцыю тэрытарыяльных войскаў.
Акрамя таго, БНК прапанаваў: «у ідэалагічнай працы ў арміі абапірацца перш за ўсё на тысячагадовую ваенную гісторыю беларускага народа без выключэнняў з яе дзеля задобрывання іншых дзяржаў»; «прысвойваць воінскім часцям назвы месцаў знакамітых перамог нашых продкаў і імёны іх славутых палкаводцаў»; «замовіць серыю фільмаў, прысвечаных значным падзеям нашай ваеннай гісторыі і яе найбольш выбітным палкаводцам».
Гэтыя прапановы вайсковая камісія БНК ўжо накіравала ў Міністэрства абароны.
«Калі рэакцыя на нашы прапановы засведчыць негатоўнасць рэжыму прымаць рэальныя і аператыўныя меры, каб выправіць становішча ў арміі, то патрыятычная частка грамадства будзе вымушаная шукаць свае шляхі для павышэння здольнасці беларускага народа абараняць сваю дзяржаўнасць», — адзначыў Статкевіч у каментары БелаПАН.
***
Два тыдні таму Статкевіч разам з групай апазіыйных палітыкаў ужо звяртаўся з Мінабароны з нагоды інфармацыі пра апытанне сярод беларускіх вайскоўцаў. Прычынай стала нядаўняе інтэрв’ю расійскага палітолага Валерыя Салаўя для Еўрарадыё, дзе ён заявіў, што, па дадзеных закрытага апытання, 70—80% беларускіх афіцэраў хацелі б аб’яднання з Расіяй. Падпісанты пыталіся, ці сапраўды было такое апытанне і як праводзіцца ідэалагічная і патрыятычная праца з вайскоўцамі.
Андрэй Раўкоў тады адказаў на наступны дзень, прычым па-беларуску.
«Рэспубліка Беларусь — суверэнная незалежная дзяржава са сваімі нацыянальнымі інтарэсамі, сярод якіх адным з галоўных, стратэгічных з’яўляецца забеспячэнне незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту, непахіснасці канстытуцыйнага ладу краіны, — адзначыў Раўкоў. — Інфармацыя аб правядзенні сярод афіцэраў беларускай арміі апытання на тэму аб’яднання Беларусі і Расіі з'яўляецца вымыслам. Падобныя апытанні супярэчаць нацыянальным інтарэсам краіны і ніколі ва Узброеных Сілах не праводзіліся».

«Беларуская армія — арганічная непадзельная частка свайго народа. Яе афіцэрскі корпус адданы Беларусі і гатовы абараняць суверэнітэт, незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць краіны, непахіснасць яе канстытуцыйнага ладу ў любых умовах абстаноўкі. Гэта адна з прычын, чаму Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь карыстаюцца высокім даверам у грамадстве, а іх афіцэрскі корпус — надзейны і здатны выканаць задачы па ўзброенай абароне Рэспублікі Беларусь», — зазначалася ў адказе Раўкова.
«Сістэма ідэалагічнай работы, у тым ліку патрыятычнае выхаванне ваеннаслужачых, уключаючы афіцэраў, забяспечвае падтрыманне высокага маральнага духу ваеннаслужачых і іх гатоўнасць абараняць суверэнітэт, незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць краіны, непахіснасць яе канстытуцыйнага ладу. Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь — гэта армія беларускага народа. І ні ў каго не павінна быць сумненняў, што пад кіраўніцтвам нашага Прэзідэнта, Галоўнакамандуючага Узброенымі Сіламі, у Беларусі і надалей будуць надзейна абаронены галоўныя каштоўнасці беларускага народа: суверэнітэт, незалежнасць, тэрытарыяльная цэласнасць краіны, непахіснасць яе канстытуцыйнага ладу, а значыць — мір, стабільнасць і бяспека. Такім чынам, выказаныя Вамі сумненні наконт адданасці беларускіх афіцэраў сваёй Радзіме, беспадстаўныя. Такія сумненні ва ўласнай арміі не служаць справе гарантавання бяспекі суверэннай незалежнай Беларусі», — рэзюмаваў той адказ міністр абароны.
Паводле «Нашай Нівы»