Дыпламатычны канфлікт з Францыяй: Лукашэнка звольніў амбасадара ў Парыжы

Аляксандр Лукашэнка звольніў беларускага амбасадара ў Францыі, якога раней адклікалі ў Мінск на кансультацыі, паведамляе «Радыё Свабода».

Ігар Фісенка. Архіўнае фота «Свабоды»

Ігар Фісенка. Архіўнае фота «Свабоды»


Лукашэнка звольніў Ігара Фісенку з пасады пасла Беларусі ў Францыі. Ён таксама перастане выконваць функцыю пасла ў Манака і Партугаліі па сумяшчальніцтве. Ва ўказе напісана, што Фісенка захоўвае паўнамоцтвы ў якасці сталага прадстаўніка Беларусі пры ЮНЭСКА. Пра гэта паведамляе «БЕЛТА».
Раней Фісенку адклікалі для кансультацый у Мінск у сувязі з тым, што МЗС Беларусі загадаў французскаму паслу Нікаля дэ Лакосту пакінуць краіну. Прычыны такога патрабавання палягалі ў тым, што дэ Лакост адмовіўся ўручаць даверчыя лісты Аляксандру Лукашэнку.


Дыпламатычны канфлікт з Францыяй


Амбасадар Францыі Нiкаля дэ Лакост 17 кастрычніка быў вымушаны пакінуць Мінск. 18 кастрычніка стала вядома аб адкліканні беларускага амбасадара Ігара Фісенкі ў Мінск на кансультацыі. У французскай амбасадзе «Свабодзе» тады паведамілі, што пасол выехаў па патрабаванні МЗС Беларусі.
МЗС Беларусі патлумачыў ад'езд французскага амбасадара тым, што ён нібыта не выказаў гатоўнасці завяршыць прадугледжаную міжнародным правам і агульнапрынятай практыкай працэдуру ўступлення на пасаду, з-за чаго Беларусь апавясціла Парыж аб заканчэнні дзеяння сваёй згоды на яго прызначэнне.
Завяршэннем уступлення амбасадара на пасаду з'яўляецца ўручэнне даверчых лістоў кіраўніку дзяржавы. Нiкаля дэ Лакост толькі ўручыў летась копіі лістоў міністру замежных спраў Беларусі Уладзіміру Макею, а ад сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам адмовіўся.
Амбасадар Нiкаля дэ Лакост правёў у Беларусі 1 год і 2 месяцы. На гэты момант ніхто з амбасадараў еўрапейскіх краін не ўручаў даверчых лістоў Лукашэнку пасля выбараў 2020 года.
Апрача Нiкаля дэ Лакоста па патрабаванні беларускіх улад Беларусь пакінулі амбасадары Польшчы Артур Міхальскі і Еўрасаюза Дзірк Шубель, ад новай амбасадаркі ЗША ў Мінску Джулі Фішэр МЗС адклікаў агрэман, яна так і не змагла прыбыць у Беларусь.

Нікаля дэ Лакост выконвае абавязкі «спецыяльнага пасланніка па Беларусі»


Паводле МЗС Францыі высланы з Мінска пасол дэ Лакост выконвае абавязкі «спецыяльнага пасланніка па Беларусі».
МЗС Францыі назвала скасаванне беларускім бокам дазволу на знаходжанне амбасадара Нікаля дэ Лакоста ў Беларусі «неабгрунтаваным рашэннем» і заявіла аб прыняцці «прапарцыйных мер у адказ».
«Гэтае неабгрунтаванае рашэнне, прынятае беларускімі ўладамі, працягвае шэраг негатыўных рашэнняў, якія скарацілі сродкі дзеянняў нашай місіі ў Мінску, — гаворыцца ў заяве французскага МЗС. — Адпаведна, улады Францыі прынялі прапарцыйныя меры ў дачыненні да беларускага дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Францыі, аб чым беларускія ўлады былі праінфармаваныя».
Заява таксама паведамляе, што з 18 кастрычніка спадар Нікаля дэ Лакост узяў на сябе місію «спецыяльнага пасланніка па Беларусі» ў каардынацыі з французскай амбасадай у Мінску, якая працягне працу.
«Францыя, як гэта робіцца са жніўня 2020 года, у цеснай сувязі і ў адпаведнасці з пазіцыямі, вызначанымі з яе партнёрамі ў Еўрасаюзе, будзе працягваць стаяць побач з беларускім народам у падтрымку ўстойлівага палітычнага вырашэння крызісу ў Беларусі», — заключае заява МЗС Францыі.